«Танней аўто купіць»
3- 1.03.2025, 19:03
- 3,896

У Бабруйску рэзка падаражэў праезд у маршрутках.
Падаражанне адбылося 1 сакавіка. Цяпер жыхары Бабруйска павінны плаціць за яго не 1,50, а на 30 капеек, ці на 20% больш - 1 рубель 80 капеек, паведамляе «Камерцыйны кур'ер».
Падаражанне заспела знянацку і пасажыраў, і саміх кіроўцаў. Кошты на праезд не мяняліся з верасня 2023 года, і людзі прывыклі да старога тарыфу.
Кіроўцы прызналіся, што самі даведаліся аб новых цэнах толькі вечарам напярэдадні павышэння. Многія нават не паспелі падрыхтаваць нармальныя абвесткі — у маршрутках можна было ўбачыць спехам напісаныя ад рукі паперкі з новым коштам.
- Самі толькі ў пятніцу ўвечары даведаліся аб падаражэнні, - распавёў кіроўца 56-га маршруту. - Цяпер страцім працэнтаў 30-40 пасажыраў. Многія, вядома, потым вернуцца. Але нейкі час давядзецца ездзіць паўпустымі.
Іншы кіроўца адзначыў, што розніца ў кошце паміж маршруткамі і гарадскім транспартам стала занадта вялікай:
- Пасля кожнага падаражэння не далічваемся людзей. А калі яшчэ і аўтобусы з тралейбусамі будуць трымаць цяперашні кошт у 80 капеек, то ездзіць на маршрутках стане зусім невыгодна. Розніца больш чым удвая.
Кіроўцы не разумеюць, чаму кошты паднялі менавіта зараз. Паліва не даражэе ўжо амаль восем месяцаў, а даляр, да якога прывязаны цэны на запчасткі, нават крыху ўпаў — да 3,15 рубля. Зрэшты, адзін з маршрутчыкаў адзначыў, што ён хацеў узняць цану яшчэ на пачатку года, але "наверсе" не дазволілі.
Пасажыры засмучаныя новымі коштамі. Адна жанчына расказала, што яе муж працуе кіроўцам маршруткі, і перавозчыкі да апошняга спрабавалі ўтрымаць цану на ўзроўні 1,50 рубля, але рашэнне прымалася не імі.
- Цяпер, каб даехаць да працы і назад, прыйдзецца выдаткоўваць больш за пяць рублёў, - паскардзіўся мужчына сярэдніх гадоў. - Дабірацца даводзіцца на перакладных: спачатку тралейбусам, потым маршруткай. Танней, мусіць, пайсці ў аўташколу і аўто купіць.