Як страхі Лукашэнкі спраўджваюцца на нашых вачах
4- 1.03.2025, 19:44
- 12,206

Ніколі не кажы ніколі.
У 2024 годзе з мапы Беларусі зніклі 11 населеных пунктаў. Усе яны размешчаны ў Віцебскай вобласці - 9 у Мёрскім раёне, па адным у Гарадоцкім і Пастаўскім, піша «Салiдарнасць».
У спіс увайшлі вёскі Барсучына, Вышыні, Лопшына, Стальмакава і Тарасаўка, а таксама шэсць хутароў — Балабошкі, Блошнікі, Дзямідава, Лявонаўцы, Руткаўшчына і Сіцькова 1.
Гэтыя звесткі апублікаваў Дзяржкамітэт маёмасці ў штогадовым бюлетэні геаграфічных аб'ектаў, якія спынілі сваё існаванне.
Як нагадвае тэлеграм-канал "Віцебск, я гуляю", паводле звестак афіцыйнай статыстыкі, з 2020-га ў Беларусі знікла 87 населеных пунктаў. З іх 47 прыпадаюць на Віцебскую вобласць.
Беларускія чыноўнікі любяць параўноўваць стан спраў у краіне з нашымі суседзямі. Свежы прыклад - нядаўняе выказванне кіраўніка МЗС Максіма Рыжанкова: «Сёння Латвія спрабавала вучыць нас жыццю. Краіна, якая за 30 гадоў «вяршэнства права і дэмакратыі» страціла больш за 30 % свайго насельніцтва».
Але на справе і ў Беларусі адбываецца тое, пра што з непрыхаваным страхам гаварыў зусім нядаўна Аляксандр Лукашэнка. У лістападзе 2024-га, выступаючы на «дажынках» у Полацку, ён выказаў асцярогу наконт усё той жа Віцебскай вобласці:
— Я не магу ўявіць, што Віцебшчына ў нас будзе нейкім голым, маркотным краем, дзе не будзе людзей, дзе будзе пустата. Гэтага ніколі не будзе.
Практыка паказвае, што тут самы час успомніць сакраментальнае "Ніколі не кажы ніколі". І гэта датычыцца не толькі Віцебскай вобласці, бо падобныя працэсы адбываюцца па ўсёй краіне.