Кіраўніца МЗС Нямеччыны: Вораг сядзіць толькі ў Крамлі
9- 1.03.2025, 20:10
- 7,934

ЕЗ павінен дапамагчы Украіне выстаяць без дапамогі ЗША.
Краіны Еўропы павінны працягваць дапамагаць Украіне, каб тая магла супрацьстаяць расейскай агрэсіі нават у выпадку спынення дапамогі з ЗША. З такім заклікам выступіла ў суботу, 1 сакавіка, кіраўніца МЗС Нямеччыны Анналена Бербок (Annalena Baerbock), піша «Нямецкая хваля».
Яна параўнала публічную спрэчку Дональда Трампа і Уладзіміра Зялонскага ў Белым доме з "кепскім сном", а таксама заявіла, што "пачалася новая эпоха подласці" і, "магчыма, самы гарачы момант з часоў заканчэння халоднай вайны". "Ніхто не павінен памыляцца што да ворага. Ён сядзіць толькі ў Крамлі, а не ў Кіеве ці Брусэлі. Змяняць месцамі вінаватага і ахвяру - такога нельга дапусціць", - сказала Бербок на брыфінгу ў Бэрліне.
"Мяняць месцамі вінаватага і ахвяру - гэта супрацьлегласць бяспецы і міру, таму не можа быць добрай угоды. Гэта было б канцом міжнароднага права і бяспекі большасці краін. І ў канчатковым рахунку гэта таксама будзе фатальна для будучыні ЗША, бо наўрадці якая-небудзь краіна зможа тады надалей давяраць аўтарытэту найстарэйшай дэмакратыі і наймацнейшай вайсковай дзяржаве», - працягнула Бербок.
Яна заклікала еўрапейцаў "не быць наіўнымі" ў дачыненнях з ЗША і прапанавала план з шасці пунктаў. Па-першае, узмацніць падтрымку Украіны з боку Нямеччыны, для чаго бундэстаг павінен неадкладна разблакаваць 3 млрд еўраў для дапамогі Кіеву. Па-другое, на бліжэйшым саміце лідары ЕЗ павінны сфармаваць новы "комплексны еўрапейскі фінансавы пакет" для Украіны - як на мірныя, так і на вайсковыя патрэбы. Па-трэцяе, трэба ўзмацніць супрацоўніцтва Нямеччыны з Францыяй, Вялікай Брытаніяй і Польшчай для дапамогі Украіне, напрыклад, у сферы СПА і паставак зброі.
«Гэтыя тры элементы павінны паслужыць таму, каб Украіна і надалей магла супрацьстаяць расейскай агрэсіі нават у выпадку анансаванага ці магчымага скарачэння дапамогі ЗША, дамаглася справядлівага міру і не капітулявала», - сказала Бербок.
Па-чацвёртае, яна заклікала лідараў ЕЗ "прыняць рашэнні аб маштабных інвестыцыях у наш агульны еўрапейскі абаронны патэнцыял", змякчыўшы фінансавыя патрабаванні еўрапейскага Пакта стабільнасці і росту. Па-пятае, улады ФРГ павінны неадкладна абмеркаваць "фундаментальную рэформу пазыковага тормазу", каб атрымаць больш фінансавых рэсурсаў на абаронныя мэты.
Шостым пунктам Бербок заклікала "працягваць дзейнічаць разважліва і з халоднай галавой" і імкнуцца захаваць добрыя дачыненні з ЗША. "Доўгатэрміновы мір ва Украіне наступіць хутчэй з Вашынгтонам, чым без яго або насуперак яму", - сказала яна.