Кіраўнік лукашэнкаўскага прафсаюза ў Лёзна краў грошы з касы і прайграваў у казіно
10- 1.03.2025, 20:54
- 11,468

Ён растраціў чатыры тысячы рублёў.
Старшыня першаснай прафсаюзнай арганізацыі з Лёзненскага раёна растраціў амаль чатыры тысячы рублёў з прафсаюзнай касы на гульні ў анлайн-казіно. Суд прызнаў яго вінаватым і вынес прысуд, паведамляе Orsha.eu.
Гісторыя пачалася ў траўні 2021 года, калі мужчыну абралі кіраўніком прафсаюзнай арганізацыі адной з устаноў раёна. Праз два гады, асвоіўшыся на пасадзе, ён наважыў выкарыстоўваць прафсаюзную касу як крыніцу сродкаў для сваіх забаў у анлайн-казіно.
Цягам 2023 года старшыня зняў з банкаўскага рахунку прафкама блізу чатырох тысяч рублёў. Для правядзення аперацый ён выкарыстоўваў ключ электроннага лічбавага подпісу, аформленага на скарбніка прафсаюзнай арганізацыі.
Суд Лёзненскага раёна прызнаў яго вінаватым у завалоданні маёмасцю з выкарыстаннем службовых паўнамоцтваў (ч. 1 арт. 210 Крымінальнага кодэкса Беларусі). Мужчыну прысудзілі да паўтара года пазбаўлення волі ўмоўна з выпрабавальным тэрмінам адзін год. Акрамя таго, яму прызначылі штраф сумаю 100 базавых велічыняў (4200 рублёў) і на два гады забаранілі займаць пасады, звязаныя з выкананнем адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў.
Пры вынясенні прысуду суд улічыў, што мужчына добраахвотна кампенсаваў прысвоеныя сродкі і выхоўвае малалетняе дзіця. Гэтыя абставіны дазволілі яму пазбегнуць рэальнага пазбаўлення волі.