10 сакавiка 2025, панядзелак, 12:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Канадзе абралі новага прэм'ера

12
У Канадзе абралі новага прэм'ера
Марк Карні
Фота: Getty Images

У сваім выступе пасля перамогі ён крытыкаваў Трампа.

Новым лідарам кіроўнай Ліберальнай партыі Канады абраны былы кіраўнік Банка Англіі Марк Карні. Ён зменіць на пасадзе прэм'ер-міністра краіны Джасціна Трудо, які ў студзені гэтага года заявіў аб намеры пайсці ў адстаўку, паведамляе BBC.

Карні быў адзіным кандыдатам на пасаду лідара партыі, які не ўваходзіў ва ўрад Трудо. Згодна з вынікамі галасавання ён набраў 85,9 адсотка.

Апроч жорсткай барацьбы з апазіцыяй на ўсеагульных выбарах, якія пройдуць сёлета, новаму прэм'еру таксама трэба будзе весці няпростыя перамовы з ЗША аб тарыфах на фоне тэрытарыяльных прэтэнзій Дональда Трампа.

У сваім выступе пасля перамогі Карні абвінаваціў Трампа ў імкненні захапіць Канаду. Гэтая спроба, паводле яго слоў, павінна быць адбітая.

«Амерыканцам патрэбныя нашы рэсурсы, наша вада, наша зямля, наша краіна, - заявіў ён. — Калі б ім гэта ўдалося, яны б знішчылі наш лад жыцця».

«Амерыка - гэта не Канада. Канада ніколі не будзе часткай Амерыкі ні ў якім выглядзе, ні ў якой форме», - дадаў Карні.

Цяпер ужо былы прэм'ер Джасцін Трудо ў сваёй эмацыйнай развітальнай прамове заявіў, што Канада сутыкаецца з «экзістэнцыйным выклікам» з боку ЗША. Ён таксама сказаў, што ганарыцца сваімі поспехамі на пасадзе.

«Не зразумейце мяне няправільна, я страшэнна ганаруся тым, што мы зрабілі за апошнія 10 гадоў, - сказаў Трудо. - Але сёння гаворка пойдзе пра нашу будучыню як партыі, як краіны».

59-гадовага Марка Карні ўжо шмат гадоў разглядалі як патэнцыйнага лідара лібералаў, у асноўным дзякуючы ягонай рэпутацыі ў сферы фінансаў.

Ён пазіцыянаваў сябе як аўтсайдэра, які не ўваходзіць у непапулярны ўрад Трудо, і адзначаў, што хоча засяродзіцца на паляпшэнні эканамічнай сітуацыі ў краіне.

Трудо абвясціў аб адстаўцы перад агульнанацыянальным з'ездам Ліберальнай партыі. Там павінна было разгледзецца пытанне аб пераабранні партыйнага кіраўніцтва, і прэм'ер, як мяркуюць, хацеў пазбегнуць сітуацыі, калі ўласныя аднапартыйцы зрушаць яго з пасады лідара.

Новага лідара павінны былі выбіраць амаль 400 тысяч чальцоў Ліберальнай партыі. У выніку свае галасы аддалі блізу 150 тысяч чалавек.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках