Партугалія перадала Украіне восем гелікаптэраў SA-330 Puma
- 10.03.2025, 15:59
- 3,404

Іх асаблівасць - прасунутыя сістэмы кіравання агнём.
Партугалія перадала Украіне восем гелікаптэраў SA-330 Puma французскай вытворчасці. Пра гэта гаворыцца ў справаздачы аб прадастаўленай Украіне вайсковай дапамозе, піша «Мілітарны».
Гелікаптэры ў лётным стане выставілі на продаж яшчэ ў 2014 годзе. Агулам Партугалія мела 13 такіх гелікаптэраў, яны актыўна выкарыстоўваліся з 1970 да 2009 года, у аперацыі ў Паўночнай Афрыцы. У 2010 годзе Партугалія замяніла іх на брытана-італьянскія EH-101 Merlin.
Aеrospatiale SA 330 Puma – транспартна-службовы гелікаптэр, распрацаваны французскай аэракасмічнай кампаніяй Sud Aviation, якая цяпер называецца Airbus Helicopters. Прызначаны для перавозкі асабовага складу і транспартавання грузаў рознага прызначэння. Экіпаж гелікаптэраў складаецца з 2-3 чалавек, а ў транспартным адсеку могуць размясціцца 16 вайскоўцаў.
Гелікаптэр мае магчымасць запускаць супрацькарабельныя ракеты Exocet. Таксама ён абсталяваны радыёлакацыйнай станцыяй ORB-31 Х-дыяпазону, якая выкарыстоўваецца для пошуку мэт на марской паверхні, іх ідэнтыфікацыі, папярэджанні аб надвор'і, навігацыі і кіраванні агнём для паразы надводных і падводных цэляў. Гелікаптэр таксама часта выкарыстоўваюць для пошукава-выратавальных работ.
Максімальная хуткасць гелікаптэра складае 257 км/г, практычная далёкасць - 580 км, практычная столь - 4 800 м, а хуткапад'ёмнасць - 7,1 м/с.