Малюнак беларускага мастака патрапіў у The New York Times
3- 10.03.2025, 20:30
- 4,812

Ягоныя працы вы можаце знайсці і на вуліцах Менска.
Ілюстрацыя беларускага мастака Дзмітрыя Кашталяна патрапіла ў The New York Times. Гэта не першы такі досвед для яго. Вядомы Кашталян і менскімі мураламі, паведамляе «Люстэрка».
«Для мяне вялікі гонар працаваць з такім прэстыжным выданнем. Мая жонка ўдвая шчаслівая, таму што гэта яе ўлюбёнае выданне. Мары спраўджваюцца!» – напісаў Кашталян у Instagram.

Выданню Chrysalismagazine ён расказаў, што яму на пошту напісаў адзін з арт-дырэктараў The New York Times, які сочыць за творчасцю мастака. Для тэксту Кашталян зрабіў некалькі эскізаў, адзін з іх «давялі да розуму».
У калонцы аўтар The New York Times піша, як наша ўспрыманне птушкі дадо і вымірання з часам мянялася. Аўтар адзначае, што да параўнальна нядаўняга часу людзі з цяжкасцю разумелі канцэпцыю вымірання.
Ілюстрацыі Кашталяна не рэдкасць для заходніх выданняў і кампаній. Ён ужо супрацоўнічаў, напрыклад, з CROPP, Entertainment Weekly, Harper's Magazine, Lavazza, AFAR, Technology Review.
Працы Кашталяна можна ўбачыць і ў Менску. Там ён, напрыклад, намаляваў муралы «Кот з сэлфі-палкай» і «Малпа ў краме посуду».