Да «Газпрама» падалі пазовы на 18 млрд еўраў
4- 10.03.2025, 20:37
- 4,242

Праз адключэнне газу краінам Еўропы.
Адключэнне газу заходнім краінам у няўдалай спробе замарозіць Еўропу павярнулася для «Газпрама» судовымі прэтэнзіямі памерам, які амаль удвая перавышае наяўныя ў кампаніі запасы грошай на рахунках, паведамляе The Moscow Times..
У агульнай колькасці еўрапейскія кліенты падалі пазовы да расейскай кампаніі на 18 млрд еўраў. Гэта вынікае з звестак судовай картатэкі судоў РФ, у якія «Газпрам» падаў сустрэчныя пазовы – пра забарону весці з ім разборы за межамі Расеі.
Як паведамляе «Інтэрфакс», усяго ад «Газпрама» паступіла 13 сустрэчных пазоваў – столькі ж было пададзена супраць яго самога. Паводле 9 пазоваў арбітражны суд Санкт-Пецярбурга і Ленінградскай вобласці ўжо выдаў выканаўчыя лісты.
Найбуйнейшы пазоў да «Газпрама» быў пададзены нямецкім канцэрнам Uniper, у мінулым галоўным кліентам «Газпрома» у Нямеччыне і суінвестарам праекту «Паўночны струмень – 2». Кампанія, якая набывала ў Расеі 20 млрд кубаметраў газу за год, запатрабавала 14,312 млрд еўраў у выглядзе кампенсацыі за страты ад спынення расейскіх паставак. У чэрвені 2024 года Стакгольмскі арбітраж задаволіў яе пазоў у поўным аб'ёме.
1,547 млрд еўраў запатрабаваў ад «Газпрама» польскі канцэрн Europol Gaz, які кіраваў польскім адрэзкам трубаправода «Ямал – Еўропа». Пазоў на 305 млн еўраў паступіў ад французскай Engie, на 575 млн еўраў – ад аўстрыйскай OMV, якая прадаўжала набываць расейскі газ ажно да канца 2024 года.
У Чэхіі пазоў на 58 млн еўраў падала энэргагрупа CEZ, у Славакіі прэтэнзіі на 9 і 4 млн еўраў адпаведна паступілі ад ZSE Energia і Vychodoslovenska energetika. Больш за 1 млрд еўраў запатрабавалі ад «Газпрама» швэйцарскія энэргатрэйдары DXT Commodities (385 млн еўраў) і Axpo Solutions (623 млн еўраў).
Агульны памер прэтэнзій да «Газпрама» практычна зраўняўся з ягонай чыстай выручкай ад продажу газу на ўсе знешнія рынкі разам узятыя: $10 млрд за год ад экспарту ў Еўропу і Турцыю, $7 млрд ад паставак у Кітай і $2 млрд ад экспарту ў краіны СНД і Цэнтральную Азію, паводле ацэнак БКС.
Запасаў грошай на рахунках «Газпрама», паводле ягонай справаздачнасці ў МСФС, ледзь хопіць на палову пазоваў: на стан 30 верасня 2024 года ў выглядзе грашовых сродкаў і іх эквівалентаў у кампаніі было 933 млрд рублёў, або $0,5 млрд паводле цяпершняга курсу ЦБ РФ.
Неўзабаве пасля пачатку вайны кіраўнік РФ Уладзімір Пуцін запатрабаваў ад еўрапейскіх краінаў аплачваць газ «Газпрама» «у рублях», а пасля адмоваў некаторых кліентаў рэзка скараціў прапампоўку па «Паўночным струмені». Пасля выбуху на газаправодзе, які каштаваў $10 млрд, экспарт «Газпрама» ў еўрапейскія краіны ўпаў да ўзроўняў другой паловы 1970-х гг. – 28,3 млрд кубаметраў у 2023 году.
Летась пастаўкі «Газпрама» ў Еўропу нязначна павялічыліся, да 32 млрд кубаметраў, застаючыся амаль у 6 разоў ніжэйшымі за рэкордныя ўзроўні 2018–2019 гг.: тады прапампоўка дасягала 175–180 млрд кубаметраў за год.
З 1 студзеня 2025 года спынілася прапампоўванне газу праз тэрыторыю Украіны, і адзіным маршрутам «Газпрама» ў Еўропу застаўся «Турэцкі струмень». Паводле звестак Reuters, у студзені экспарт па «Турэцкім струмені» ў ЕЗ дасягнуў рэкордных 1,54 млрд кубаметраў за месяц.