Сустрэча Украіны і ЗША ў Джыдзе: першыя падрабязнасці перамоў
16- 11.03.2025, 13:22
- 29,134

Пачатак быў канструктыўным.
Украіна і ЗША ў аўторак, 11 сакавіка, распачалі афіцыйную сустрэчу, якая з'яўляецца першай пасля гучнай спрэчкі ў Белым доме. Перамовы праходзяць у Джыдзе (Савудаўская Арабія).
РБК-Украіна расказвае, што вядома аб новым раундзе перамоў паміж Украінай і ЗША.
Першыя падрабязнасці сустрэчы
Як афіцыйна заявілі ў Дзяржаўным дэпартаменце ЗША, пачатак сустрэчы бакоў - а 12:00 паводле мясцовага часу (12:00 паводле Менску).
А 10:51 у Міністэрстве замежных спраў Украіны паведамілі, што «ў Джыдзе, Савудаўская Арабія, пачынаецца сустрэча ўкраінскай і амерыканскай дэлегацый».
«Ключавымі тэмамі сустрэчы стануць шлях да міру і двухбаковыя стасункі Украіны і ЗША», - адзначылі ў МЗС.
У ведамстве апублікавалі відэа з украінскай дэлегацыяй, яе суправаджаюць прадстаўнікі Савудаўскай Арабіі, краіны, якая прымае сустрэчу Украіны і ЗША на высокім узроўні.
Украіну прадстаўляюць:
кіраўнік Офіса прэзідэнта Андрэй Ярмак,
міністр замежных спраў Андрэй Сібіга,
міністр абароны Рустэм Умераў,
намеснік Ермака, экс-камандзір 93-й асобнай механізаванай брыгады «Халодны Яр» Павел Паліса.



ЗША прадстаўляюць:
дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіё,
дарадца прэзідэнта ЗША ў нацыянальнай бяспецы Майк Уолц.
Раней паведамлялася, што ў перамовах будзе ўдзельнічаць і спецпрадстаўнік прэзідэнта ЗША па Блізкім Усходзе Стыў Уіткоф. МЗС Украіны спачатку назвала яго сярод удзельнікаў, але пасля адрэдагавала допіс, выдаліўшы яго імя. Дзярждэп таксама не згадаў яго ў афіцыйнай заяве.
«Пачалася сустрэча дэлегацый Украіны і ЗША ў Савудаўскай Арабіі. Пачынаем працу», - напісаў у Тэлеграм-канале Ярмак.
Пасля ён дадаў, што «сустрэча з камандай ЗША пачалася вельмі канструктыўна».
Пра што будуць размаўляць Украіна і ЗША
Чаканні з боку Украіны
Адзначым, што спачатку ў Савудаўскай Арабіі адбылася сустрэча прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага з наследным прынцам, а пасля - сустрэча дэлегацый Украіны і ЗША без прысутнасці ўкраінскага кіраўніка дзяржавы.
Са слоў Зяленскага, з боку Кіева «будзе выразная настроенасць на канструктыў». Ён выказаў надзею, што «ўдасца абмеркаваць і ўзгадніць неабходныя пастановы і крокі».
Ярмак у сваю чаргу паведаміў, што на парадку дня ўкраінскага боку - абарона ўкраінскіх інтарэсаў і дакладнае бачанне заканчэння вайны.
МЗС Украіны раней жа анансавала, што бакі будуць казаць аб «шляху да міру», украінска-амерыканскіх двухбаковых дачыненнях і стратэгічным партнёрстве і яго далейшым развіцці.
Як і ўкраінскі, так і амерыканскі бок не выключылі, што можа быць падпісанае пагадненне аб выкапнях, якое павінны былі ўкласці падчас візіту Зяленскага ў Вашынгтон 28 лютага.
Чаканні з боку ЗША
Рубіё, які ўзначальвае дэлегацыю ЗША, заявіў, што амерыканскі бок падчас перамоў у Джыдзе хоча пачуць ад Украіны, «на якія саступкі яна можа пайсці дзеля міру».
«Пасля сустрэчы прадстаўнікоў ЗША і Украіны ў Савудаўскай Арабіі Трамп вызначыць, ці аднаўляць вайсковую дапамогу Украіне ці не», - сказаў Рубіё ў інтэрв'ю па дарозе ў Савудаўскую Арабію.
Ён таксама сказаў, што ў яго не запланаваная размова з прэзідэнтам Украіны ў Джыдзе. Аднак ён не выключыў магчымасць нефармальнай размовы з украінскім кіраўніком дзяржавы па-за афіцыйнымі сустрэчамі.
У сваю чаргу Уіткоф пацвердзіў, што сустрэча палягае ў тым, каб «устанавіць рамкі для мірнага пагаднення».
«Я думаю, што для нас больш важнай тэмай абмеркавання з'яўляецца падпісанне мірнага пагаднення», - сказаў ён журналістам.
Сваімі чаканнямі ад сустрэчы падзяліўся і дарадца прэзідэнта ЗША ў нацыянальнай бяспецы. З яго слоў, сустрэча будзе сканцэнтраваная на тым, каб «дасягнуць замірэння».
«У нас былі папярэднія размовы з расейцамі, украінцы мелі выдатную магчымасць аб'яднаць нашы эканомікі дзякуючы той угодзе аб мінералах. На жаль, усё пайшло не так добра. Але я думаю, што мы можам вярнуцца да гэтага», - сказаў Уолц.