«Не выпусціце гэты шанец»: Туск прывітаў перамовы ЗША і Украіны ў Савудаўскай Арабіі
1- 11.03.2025, 14:37
- 2,440

Прэм'ер-міністр Польшчы пажадаў поспеху абедзвюм старанам.
Прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск прывітаў пачатак перамоў украінскай і амерыканскай дэлегацыі ў горадзе Джыда, Савудаўская Арабія.
«Дарагія амерыканцы, дарагія ўкраінцы, не выпусціце гэты шанец. Увесь свет глядзіць на вас сёння ў Джыдзе. Поспехаў вам», - напісаў ён.
Перамовы паміж Украінай і ЗША ў Савудаўскай Арабіі
Сёння, 11 сакавіка, у Савудаўскай Арабіі праходзіць сустрэча паміж прадстаўнікамі Украіны і Злучаных Штатаў Амерыкі (ЗША). Чакаецца, што падчас перамоў стораны абмяркуюць пытанне аб аднаўленні вайсковай дапамогі з боку ЗША, а таксама магчымасць перадачы выведвальных звестак.
Кіраўнік Белага дома Дональд Трамп заявіў, што спадзяецца на станоўчыя вынікі перамоў дэлегацый.
У той жа час дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіё паведаміў, што ў яго няма запланаванай сустрэчы з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім, які зараз таксама знаходзіцца ў горадзе Джыда з афіцыйным візітам.
Перамовы паміж дэлегацыямі стартавалі а 12.00 паводле менскага часу.
Украінскі бок на сустрэчы прадстаўляюць:
кіраўнік Міністэрства замежных спраў Андрэй Сібіга,
кіраўнік Офіса прэзідэнта Андрэй Ярмак,
міністр абароны Украіны Рустэм Умераў.
У склад амерыканскай дэлегацыі ўваходзяць дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіё і дарадца прэзідэнта ў пытаннях нацыянальнай бяспекі Майк Уолтц.