13 сакавiка 2025, Чацвер, 22:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прэзідэнт Кыргызстана: Менск гатовы перадаць Бакіева

20
Прэзідэнт Кыргызстана: Менск гатовы перадаць Бакіева
КУРМАНБЕК БАКІЕЎ

Але ёсць умова.

Менск і Бішкек вядуць перамовы аб перадачы Кыргызстану экс-прэзідэнта Курманбека Бакіева, які атрымаў прытулак у Беларусі, заявіў агенцтву «Кабар» прэзідэнт краіны Садыр Жапараў.

Ён пракаментаваў сітуацыю з былым прэзідэнтам Курманбекам Бакіевым пасля таго, як з'явіліся чуткі, што ягоны сын, прысуджаны ў краіне да пажыццёвага зняволення, прылятаў у Кыргызстан.

«Што да Курманбека Бакіева, наконт яго вядуцца перамовы. Нам кажуць: „Калі не пасадзіце, дык гатовыя яго перадаць“. Аналагічная сітуацыя і з Сапарам Ісакавым — „Калі не пасадзіце, гатовыя перадаць хоць сёння“. Мы думаем над гэтым. З аднаго боку, ці можна пагадзіцца, прывезці іх і дапытаць паводле справы ЦЭЦ, паводле справы музея? Няхай раскажуць, хто і колькі грошай атрымаў. А вяртанне скрадзеных сродкаў у бюджэт - гэта ўжо задача сілавых структур. Бо мільярды выкрадзеных сродкаў мы менавіта такімі шляхамі і вярнулі», - распавёў Жапараў.

З яго слоў народ Кыргызстана ўжо 15 гадоў патрабуе: «Чаму не можаце даставіць іх з той жа Масквы ці Менска?»

«Тыя, хто распаўсюджвае ілжывую інфармацыю, магчыма, пачулі пра гэтыя перамовы. Вось і надумалі раздзьмуць чуткі пра Максіма Бакіева. Як было б добра, каб ён сапраўды прыехаў! Мы б яго пасадзілі, а мільярды вярнуліся б у бюджэт», - дадаў прэзідэнт Кыргызстана.

Курманбек Бакіеў вымушана пакінуў сваю пасаду пасля рэвалюцыі ў красавіку 2010 года (падставай для паўстання сталі цяжкае эканамічнае становішча насельніцтва, карупцыя і кланавасць улады ў Кыргызстане). На запрашэнне Аляксандра Лукашэнкі ён уцёк у Беларусь, і дагэтуль знаходзіцца ў міжнародным вышуку.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках