У Джыдзе завяршылася сустрэча Украіны і ЗША
27- 11.03.2025, 17:04
- 24,650

(абноўлена) Бакі рыхтуюць сумесную заяву.
Украіна і ЗША ў аўторак, 11 сакавіка, распачалі афіцыйную сустрэчу, якая з'яўляецца першай пасля гучнай спрэчкі ў Белым доме. Перамовы праходзяць у Джыдзе (Савудаўская Арабія).
З украінскага боку ў сустрэчы бяруць удзел кіраўнік Офіса прэзідэнта Андрэй Ярмак, міністр замежных спраў Андрэй Сібіга, міністр абароны Рустэм Умераў. Таксама прысутнічае намеснік кіраўніка Офіса прэзідэнта Павел Паліса - дасведчаны ўкраінскі вайсковец, экс-камандзір 93-й асобнай механізаванай брыгады Халодны Яр.
З амерыканскага боку ўдзел бяруць дзяржсакратар ЗША Марка Рубіё і дарадца прэзідэнта ЗША ў нацыянальнай бяспецы Майкл Уолтц.
Першая частка перамоў, якая стартавала а 12:00 паводле менскага часу, доўжылася чатыры гадзіны. Затым бакі ўзялі перапынак.
Падчас перапынку Майкл Уолтц зрабіў першую заяву. На пытанне журналістаў, як ідуць перамовы, ён адказаў, што «бакі ідуць да агульнай мэты».
А 16.18 перамовы аднавіліся.
Чаканні з боку Украіны
Адзначым, што спачатку ў Савудаўскай Арабіі адбылася сустрэча прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага з наследным прынцам, а пасля - сустрэча дэлегацый Украіны і ЗША без прысутнасці ўкраінскага кіраўніка дзяржавы.
Са слоў Зяленскага, з боку Кіева «будзе выразная настроенасць на канструктыў». Ён выказаў надзею, што «ўдасца абмеркаваць і ўзгадніць неабходныя пастановы і крокі».
Ярмак у сваю чаргу паведаміў, што на парадку дня ўкраінскага боку - абарона ўкраінскіх інтарэсаў і дакладнае бачанне заканчэння вайны.
МЗС Украіны раней жа анансавала, што бакі будуць казаць аб «шляху да міру», украінска-амерыканскіх двухбаковых дачыненнях і стратэгічным партнёрстве і яго далейшым развіцці.
Як і ўкраінскі, так і амерыканскі бок не выключылі, што можа быць падпісанае пагадненне аб выкапнях, якое павінны былі ўкласці падчас візіту Зяленскага ў Вашынгтон 28 лютага.
Чаканні з боку ЗША
Рубіё, які ўзначальвае дэлегацыю ЗША, заявіў, што амерыканскі бок падчас перамоў у Джыдзе хоча пачуць ад Украіны, «на якія саступкі яна можа пайсці дзеля міру».
«Пасля сустрэчы прадстаўнікоў ЗША і Украіны ў Савудаўскай Аравіі Трамп вызначыць, ці аднаўляць вайсковую дапамогу Украіне ці не», - сказаў Рубіё ў інтэрв'ю па дарозе ў Савудаўскую Арабію.
Ён таксама сказаў, што ў яго не запланаваная размова з прэзідэнтам Украіны ў Джыдзе. Аднак ён не выключыў магчымасць нефармальнай размовы з украінскім кіраўніком дзяржавы па-за афіцыйнымі сустрэчамі.
У сваю чаргу Уіткоф пацвердзіў, што сустрэча палягае ў тым, каб «устанавіць рамкі для мірнага пагаднення».
«Я думаю, што для нас больш важнай тэмай абмеркавання з'яўляецца падпісанне мірнага пагаднення», - сказаў ён журналістам.
Сваімі чаканнямі ад сустрэчы падзяліўся і дарадца прэзідэнта ЗША ў нацыянальнай бяспецы. З яго слоў, сустрэча будзе сканцэнтраваная на тым, каб «дасягнуць замірэння».
«У нас былі папярэднія размовы з расейцамі, украінцы мелі выдатную магчымасць аб'яднаць нашы эканомікі дзякуючы той угодзе аб мінералах. На жаль, усё пайшло не так добра. Але я думаю, што мы можам вярнуцца да гэтага», - сказаў Уолтц.