Трамп узняў да 50% мыты на частку тавараў з Канады
40- 11.03.2025, 17:51
- 14,352

Новы тарыф набудзе моц 12 сакавіка.
Амерыканскі прэзідэнт Дональд Трамп у аўторак, 11 сакавіка, абвясціў аб новых тарыфах супраць Канады ў адказ на ўведзены канадскай правінцыяй Антарыё 25% падатак на электраэнэргію для ЗША.
Аб гэтым ён напісаў у нататцы ў TruthSocial.
Трамп заявіў, што даручыў свайму міністру гандлю дадаць дадатковыя 25%-ныя тарыфы на ўсю сталь і алюміній, якія паступаюць у ЗША з Канады пасля таго, як правінцыя Антарыё ўстанавіла 25%-ы тарыф на электраэнэргію, якая паступае ў Злучаныя Штаты.
З яго слоў, гэты тарыф набудзе моц 12 сакавіка.
«Неўзабаве я абвяшчу надзвычайнае становішча ў электраэнэргетыцы ў зоне, якая знаходзіцца пад пагрозай. Гэта дазволіць ЗША хутка зрабіць усё неабходнае, каб паменшыць гэтую неправамерную пагрозу з боку Канады», - заявіў амерыканскі прэзідэнт.
Ён таксама сказаў, што «калі іншыя абуральныя тарыфы, якія ўжо даўно існуюць, не будуць скасаваныя Канадай», ён 2 красавіка істотна павысіць тарыфы на аўтамабілі, якія імпартуюцца ў ЗША, «што, фактычна, назаўжды спыніць аўтамабільную прамысловасць у Канадзе».
«Мы субсідуем Канаду на суму, большую за $200 млрд на год. Так больш не можа працягвацца. Адзінае, што мае сэнс - гэта зрабіць Канаду нашым жаданым 51-м штатам», - упэўнены ён.