Адну з кампаній групы «Атлант-М» могуць прызнаць банкрутам
2- 11.03.2025, 18:30
- 5,922

У яе вялізныя запазычанасці.
Менская абласная ўправа ФСАН падала заяву ў Эканамічны суд Менскай вобласці аб банкруцтве ТАА «Атлант-М Норд». Кампанія займалася пастаўкай расходных матэрыялаў, запчастак і аўтакасметыкі. Пастанова суда аб адкрыцці конкурснай справы апублікаваная ў АДРСБ, піша Office Life.
Як вынікае з матэрыялаў справы, кампанія знаходзіцца ў ліквідацыі з 2022 года і завінавацілася агулам 791,7 тысячы рублёў. У тым ліку ў выплатах і зборах у бюджэт - больш за 48 тысяч. А актываў у яе - менш за 14,5 тысячы рублёў.
«Атлант-М Норд» была зарэгістраваная на тэрыторыі Бараўлянскага сельсавета ў 2014 годзе. Яе ўдзельнікамі ўважаюцца Кірыл Саннікаў і Сяргей Смірноў. У кожнага - па 50% у статутным фондзе.
Фірма з'яўлялася афіцыйным дыстрыбутарам змазачных матэрыялаў Castrol, фільтраў Donaldson і тэхнічнай хіміі Henkel. Акрамя таго, яна прадавала запчасткі і расходныя матэрыялы для грузавой і спецыяльнай тэхнікі, у тым ліку МТЗ і МАЗ.
Што менавіта спрычынілася да росту пазык кампаніі, невядома. Магчыма, гэта звязанае са спыненнем паставак імпартнай прадукцыі праз санкцыі. Чарговае пасяджэнне суда прызначанае на 17 чэрвеня. На ім «Атлант-М Норд» могуць афіцыйна прызнаць банкрутам.