Ціханоўская: Зброю для Расеі вырабляюць 287 беларускіх прадпрыемстваў
- 12.03.2025, 10:38
- 4,804

Рэжым Лукашэнкі працягвае служыць Пуціну.
Сьвятлана Ціханоўская заклікала краіны Рады Эўропы не дапусьціць, каб Беларусь стала «суцяшальным прызам» для Расеі. Яна выступіла перад Кабінэтам міністраў Рады Эўропы, галоўным выканаўчым органам арганізацыі. У сустрэчы прынялі ўдзел паслы і дыпляматы 46 краін, перадае «Радыё Свабода».
Як паведамілі ў офісе Ціханоўскай, яна ўзьняла ў сваім выступленьні пытаньні бясьпекі і пагрозы расейскага кантролю над Беларусьсю. Паводле яе слоў, Беларусь ужо стала ваенным пляцдармам Расеі, аднак яна ня верыць, што Беларусь наўпрост уступіць у вайну.
Ціханоўская зьвярнула ўвагу на падпісаньне Аляксандрам Лукашэнкам і Уладзімірам Пуціным пагадненьня аб гарантыях бясьпекі, якое замацоўвае расійскі кантроль над краінай, а таксама на заплянаваныя сёлета вучэньні «Захад-2025».
«Рэжым Лукашэнкі працягвае служыць Расеі, а не беларускаму народу. Ён працягвае па кавалачках прадаваць наш сувэрэнітэт Пуціну. Нядаўна Лукашэнка і Пуцін падпісалі новае пагадненьне аб так званых гарантыях бясьпекі, якія проста замацоўваюць расейскі кантроль над Беларусьсю. Неўзабаве яны плянуюць вайсковыя вучэньні «Захад 2025», падобныя на тыя, што праводзіліся ў 2022 годзе, перад поўнамаштабным уварваньнем.
Хаця я ня веру, што беларускія войскі будуць уцягнутыя ў вайну, у грамадзтве ёсьць моцны антываенны кансэнсус, але нельга выключаць, што Беларусь ня будзе зноў выкарыстаная для агрэсіі».
Ціханоўская заявіла, што Беларусь стала ня толькі стартавай пляцоўкай, але і вайсковым цэхам расейскай баявой машыны.
«Зброю для Расеі вырабляюць 287 дзяржаўных прадпрыемстваў», — заявіла яна.
Яна заклікала Раду Эўропы прыняць адмысловую дэклярацыю ў падтрымку незалежнасьці і сувэрэнітэту Беларусі.
«Трэба патрабаваць вываду расейскіх войскаў ня толькі з Украіны, але і зь Беларусі, у тым ліку і ядзернай зброі. Толькі гэта гарантавала б стабільны і працяглы мір у рэгіёне. Украіна заслугоўвае рэальных гарантый бясьпекі, і адной з іх можа быць свабодная Беларусь, без расейскай прысутнасьці».
Ціханоўская паўтарыла заклік падтрымаць перадачу Літвой пазову ў Міжнародны крымінальны суд супраць рэжыму Лукашэнкі за злачынствы супраць чалавечнасьці і заявіла, што «мы плянуем у бліжэйшы месяц падняць беларускае пытаньне падчас Рады Бясьпекі ААН у кантэксьце вайны і парушэньняў правоў чалавека».
«Мы падпісалі Рымскую дэклярацыю, у якой прызналі Лукашэнку нелегітымным, падтрымалі супрацоўніцтва з беларускімі дэмакратычнымі сіламі і падтрымалі нашы асноўныя патрабаваньні: спыненьне рэпрэсій, вызваленьне палітвязьняў і выхад Беларусі з вайны».