Канада анансавала мыты на шэраг тавараў з ЗША
- 12.03.2025, 18:10
- 3,772

Атава рыхтуе адказ на «алюмінівыя тарыфы».
Канадскі ўрад заявіў аб планах ужыць тарыфы супраць тавараў з ЗША коштам амаль 20 млрд амерыканскіх даляраў пасля таго, як Дональд Трамп абвясціў тарыфы супраць канадскай сталі і алюмінію.
Пра гэта паведамляе CBC.
У сераду канадскі ўрад анансаваў мыты супраць амерыканскіх тавараў коштам амаль 30 млрд канадскіх даляраў у адказ на тарыфы Трампа супраць канадскай сталі і алюмінію.
Міністр фінансаў Дамінік Леблан назваў тарыфную атаку Трампа супраць Канады беспадстаўнай, і заявіў, што Атава вымушаная рашуча адрэагаваць на тое, як ЗША ствараюць «перабоі і хаос» у гандлі са сваімі блізкімі партнёрамі.
Міністр дэталізаваў, што пад канадскія мыты патрапяць амерыканскія сталь і алюміній, кампутары, спартовае абсталяванне і некаторыя іншыя групы тавараў.
Кіраўніца МЗС Мелані Жалі пакрытыкавала аргументацыю Трампа аб тым, што канадская сталь і алюміній з'яўляюцца «пагрозай для нацбяспекі» і назвала гэта надуманымі і абразлівымі абгрунтаваннямі.
«Агучаныя падставы для гэтых тарыфаў мяняюцца штодня. Адзінай канстантай, здаецца, з'яўляюцца толькі размовы прэзідэнта Трампа аб анэксіі нашай краіны праз эканамічны прымус. Мы не саступім...Мы павінны даваць адказ на гэтыя глупствы», - заявіла яна.
Міністр прамысловасці Франсуа-Філіп Шампань адзначыў, што тарыфная пастанова Трампа прывядзе да падвышэння коштаў практычна ўсёй прадукцыі амерыканскіх прадпрыемстваў з прычыны таго, што яны вельмі залежныя ад імпарту металаў з Канады. З яго слоў, ЗША самастойна вырабляюць толькі 16% ад сваіх патрэб у алюмініі, а 60% паставак паступае з канадскага Квебека.