Зяленскі: Ваеннае становішча ва Украіне будзе знятае пасля заканчэння вайны
- 12.03.2025, 19:03
- 3,620

Пасля гэтага ў краіне пройдуць выбары.
Скасаванне ваеннага становішча ва Украіне магчымае пасля поўнага спынення поўнамаштабнай расейскай агрэсіі, і толькі пасля гэтага ў краіне пройдуць выбары. Пра гэта 12 сакавіка на брыфінгу, відэазапіс якога апублікаваны ў YouTube АП, заявіў кіраўнік украінскай дзяржавы Уладзімір Зяленскі.
«Пасля заканчэння вайны будзе знятае ваеннае становішча і пасля зняцця ваеннага становішча выбары будуць праходзіць згодна з украінскім заканадаўствам. Ніхто нічога спецыяльна адкладаць не будзе», - запэўніў прэзідэнт Украіны.
З яго слоў, пасля магчымага ўвядзення 30-дзённага рэжыму цішыні, можна падрыхтаваць цалкам план заканчэння вайны.
«Пакрокавы план з гарантыямі бяспекі для ўкраінскага боку. Калі ўсё гэта будзе зробленае, то пасля падрыхтоўкі гэтага плана, у кожным выпадку [будзе] паэтапнае выкананне, якое прывядзе да заканчэння вайны», - адзначыў Зяленскі.