«Калі ў Польшчы жанчына нараджае без мужа, гэта здзіўляе»
10- 13.03.2025, 10:30
- 7,850

Гінеколаг з'ехала з Беларусі пасля пратэстаў, а зараз да яе стаяць чэргі.
Ганна Каско з Ліды была вядомым гінеколагам. У жніўні 2020 года, калі краіна жахнулася ўзроўню гвалту з боку сілавікоў, яна напісала ў Instagram, каб да яе на прыём не запісваліся жонкі, дзеці, сёстры, маці супрацоўнікаў, якія збіваюць людзей. Адрасаты гэтага допісу "нарабілі скрыны". Так супраць Ганны пачала збірацца справа, праз якую яна вымушана была звольніцца і пакінуць Беларусь. У Польшчы, куды перабралася сям'я, Ганна вярнулася ў медыцыну, і зараз ужо ў Варшаве патрапіць да яе на прыём заўсёды шмат ахвочых. Сваю гісторыю яна расказала YouТube-каналу Аксаны Дараховіч, піша MOST.
Ганна не хавае, што яе сям'я брала ўдзел у пратэстах. Праўда, ездзілі на іх у Менск: у Лідзе сілавікі адразу б іх пазналі.
Праз нейкі час да сям'і дашлі з ператрусам. Тады Ганна стала рыхтавацца да ад'езду: вывучала, як настрыфікаваць дыплом у Польшчы, і рыхтавала дакументы для эміграцыі. Але ўсё ж, пакуль заставалася магчымасць, працягвала працаваць. Аднойчы яе папярэдзілі, што трэба звольніцца з працы і з'ехаць. Спачатку сям'я паехала ў Менск, каб проста не з'яўляцца дома. А там купілі білеты на найбліжэйшы самалёт, і Ганна з малодшым сынам, які тады вучыўся ў першым класе, з'ехалі з Беларусі. Пазней да іх пераехала старэйшая дачка, а потым і муж.
Рыхтавалася па 10-14 гадзін, а з першага разу не здала
Развязаўшы першыя пытанні ў Польшчы, Ганна стала рыхтавацца да настрыфікацыйнага іспыту. Некалькі месяцаў вучылася па 10-14 гадзін на дзень, але з першага разу не здала. Атрымалася з другой спробы, іспыт жанчына здавала ў Беластоку. А потым Ганна пацвердзіла кваліфікацыю: дапамагло тое, што ў апошнія месяцы перад ад'ездам з Беларусі яна апастылявала ўсе дакументы.
Цяпер Ганна працуе ў двух прыватных клініках і ў дзяржаўнай радзільні. Але плануе пакінуць толькі працу ў прыватных цэнтрах. Цяпер запіс да яе настолькі шчыльны, што часам даводзіцца паламаць галаву, як скласці графік, каб усё паспець.
Ганна і ў Польшчы актыўна вядзе Instagram. Напрыклад, расказвае пацыенткам аб прафілактыцы, неабходнасці здаць аналізы на цыталогію і вірус папіломы чалавека. Гэта прыносіць плён: многія прыходзяць на прыём з такім запытам.
«Удваіх зрабілі - удваіх і нараджаюць»
Параўноўваючы гінекалогію ў Польшчы і Беларусі, Ганна зазначае, што ў Беларусі запісацца на бясплатны прыём прасцей. У Польшчы ж прыёму па дзяржаўнай страхоўцы NFZ даводзіцца чакаць доўга, ды і прафілактыка развітая слаба. Затое складаная гінекалагічная дапамога, у тым ліку анкалагічная, надаецца больш аператыўнай, і выбар даступных прэпаратаў шырэйшы.
У Польшчы прыняты партнёрскія роды. Калі жанчына нараджае без мужа, гэта выклікае здзіўленне.
- Яны [бацькі дзіцяці] удваіх зрабілі - яны ўдваіх нараджаюць, - тлумачыць Ганна гэтую логіку.
Яна адзначае, што мужчыны ў Польшчы часцей задаюць лекару пытанні, чым у Беларусі, і больш уключаныя ў тэму. Напрыклад, могуць назваць першы дзень апошняга цыклу жонкі ці меркаваную дату родаў.
Важнае адрозненне родаў і ў тым, што ў Польшчы прысутнасць лекара на нармальных фізіялагічных родах неабавязковая. Лекара выклікаюць пры неабходнасці прыняць пастанову, напрыклад, аб абязбольванні або стымуляцыі. Эмігранткам такі падыход звычайна незразумелы. Але калі пацыентка аплачвае роды самастойна, то можа за асобную плату абраць пэўнага лекара.
Кошт родаў у платнай радзільні можа складаць, са слоў Ганны, у залежнасці ад пакета ад 11 600 злотых (больш за 9 500 рублёў) за натуральныя роды да каля 16 600 злотых (амаль 13 700 рублёў) - за кесарава сячэнне. Індывідуальны выбар лекара абыходзіцца яшчэ на 3500 злотых (амаль 2900 рублёў). Больш поўныя пакеты яшчэ даражэйшыя.
Пацыент аплачвае паслугу радзільні, але лекар зарабляе, як правіла, 40-60% сумы.