У Гародні аўтаінспектары разабралі парушэнні ПДР і здзівіліся
5- 13.03.2025, 10:41
- 5,992

Усяго на адным прадпрыемстве - больш за 300 выпадкаў з пачатку года.
У Гародні з пачатку года адбылося больш за 300 парушэнняў ПДР, віноўнікамі якіх былі работнікі аднаго прадпрыемства, паведамляе «Гродна Плюс».
Каб спыніць гэтую тэндэнцыю, сілавікі правялі выязное пасяджэнне на гэтым самым прадпрыемстве, дзе ў прысутнасці супрацоўнікаў і кіраўніцтва разабралі апошнія інцыдэнты.
Выязное пасяджэнне прайшло 12 сакавіка на прадпрыемстве «Гроднажылбуд».
Самымі частымі прычынамі парушэнняў сталі размова праз тэлефон за стырном, адсутнасць тэхагляду і кіраванне аўтамабілем у стане алкагольнага ап'янення. Удакладняецца, што ўсё гэта гарадзенцы рабілі ў непрацоўны час.
Як расказаў намеснік начальніка міжраённага аддзела УДАІ УУС Гарадзенскага аблвыканкама Віталь Лойка, аднаго з работнікаў прадпрыемства спынілі на тэрыторыі горада за п'яную язду: у выдыханым паветры было больш за 0,8 праміле. Мужчыну пагражае штраф 200 базавых адзінак (8400 рублёў) з пазбаўленнем права кіравання на пяць гадоў.
- Гэтыя факты здараюцца ў сувязі з асабістай недысцыплінаванасцю кіроўцаў, - растлумачыў Лойка.