Грамадзяніна Латвіі асудзілі на шэсць гадоў за «паклёп» на Лукашэнку
6- 13.03.2025, 14:21
- 5,984

Палітычна матываваны прысуд вынеслі ў Менску.
Менскі абласны суд вынес палітычна матываваны прысуд грамадзяніну Латвіі Юрыйсу Ганінсу. Пра гэта паведамляе праваабарончы цэнтр "Вясна".
Юрыйса Ганінса прысудзілі да шасці гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Яго прызналі вінаватым паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: "дыскрэдытацыя Беларусі" (арт. 369-1 КК), "паклёп" на Аляксандра Лукашэнку (ч. 2 арт. 367 КК) і "заклікі да санкцый" (ч. 2 арт. 361 КК).
Суддзя Аляксандр Рыбакоў абвясціў прысуд яшчэ 19 лютага, але пра яго стала вядома толькі зараз. Сутнасць абвінавачання невядомая, а сам працэс праходзіў у закрытым рэжыме.
Усяго ў беларускіх месцах пазбаўлення волі ўтрымліваюцца 36 палітвязняў замежных грамадзян, сярод іх - чатыры грамадзяніны Латвіі.
Найбуйнейшая парламенцкая фракцыя латвійскага Сэйма "Новае адзінства", якая ўваходзіць у кіроўную кааліцыю, прапанавала папраўкі да закона "Аб турызме", якія прадугледжваюць увядзенне забароны для пастаўшчыкоў турыстычных паслуг прадстаўляць і выконваць такія паслугі на тэрыторыі Расейскай Федэрацыі і Беларусі.
Такімі мерамі аўтары паправак хочуць "знізіць рызыкі магчымых парушэнняў правоў чалавека ў дачыненні да грамадзян Латвіі, а таксама прадухіліць іх уцягванне ў дзеянні ў інтарэсах Расеі ці Беларусі, гэта значыць вярбоўку".