Вугоршчына запатрабавала выкрасліць з санкцыйных спісаў расейскага мільярдэра Фрыдмана
10- 13.03.2025, 15:26
- 4,412

У абмен на невыкарыстанне вета ў дачыненні да больш маштабных санкцый ЕЗ.
Вугоршчына прыстрашыла заблакаваць падаўжэнне санкцый Еўразвяза ў дачыненні да амаль 2 тысяч расейцаў, калі з санкцыйнага спісу не будзе выключаны расейскі мільярдэр Міхаіл Фрыдман, паведамілі Financial Times (FT) дасведчаныя крыніцы.
З іх словах, такую ўмову агучыў пастаянны прадстаўнік Вугоршчыны пры ЕЗ перад сустрэчай паслоў краін Еўразвязу ў Брусэлі 13 сакавіка. Пры гэтым, як сцвярджаюць суразмоўцы FT, намаганні Будапешта ў зняцці абмежаванняў з Фрыдмана падтрымлівае Люксембург.
Персанальныя санкцыі ЕЗ у дачыненні да расейцаў, якія тым ці іншым чынам маюць дачыненне да поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну, прадаўжаюцца кожныя паўгода. Чарговы тэрмін іх пралангацыі ў суботу, 15 сакавіка. Пастанова павінна быць прынятая аднагалосна ўсімі 27 краінамі ЕЗ. Са звестак FT, першапачаткова Вугоршчына запытвала выключэнне для васьмі чалавек, у ліку якіх былі мільярдэр Алішэр Усманаў і партнёр Фрыдмана Пётр Авен. Праект "Сістэма" пісаў, што ў гэты спіс таксама ўваходзілі былы ўладальнік "Уралхіма" Дзмітрый Мазепін і міністр спорту РФ Міхаіл Дзегцяроў. Але Будапешт адмовіўся ад гэтых патрабаванняў і надумаў дамагацца зняцця санкцый толькі з Фрыдмана, паведамілі крыніцы FT.
Санкцыі ЕЗ супраць Фрыдмана былі ўведзеныя адразу пасля ўварвання расейскага войска ва Украіну - у лютым 2022 года. Афіцыйна абмежаванні былі абгрунтаваныя наяўнасцю сувязяў мільярдэра з расейскай уладай, з прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуціным. Фрыдман аспрэчваў абмежаванні ў еўрапейскім судзе і дабіўся іх скасавання, але ў 2023 годзе санкцыі супраць яго былі ўведзеныя на падставе таго, што ён захоўвае бізнэс-прысутнасць у Расеі.
Праз абмежаванні Фрыдман і яго партнёр Авен саступілі кантроль над інвестыцыйнай групай LetterOne і выйшлі з яе рады дырэктараў. У 2024 годзе бізнэсоўцы прадалі свае дзелі ў Альфа-банку і "Альфа-страхаванні" свайму даўняму партнёру Андрэю Косагаву. Абедзве кампаніі былі ацэненыя прыкладна на 240 млрд руб. Як пісала FT, яны спадзяваліся, што продаж дапаможа ім аспрэчыць уведзеныя супраць іх санкцыі ЕЗ.