Зяленскі аб 30-дзённым замірэнні: Расея працягвае маўчаць
2- 13.03.2025, 16:17
- 3,930

Кіеў заклікае ЗША націснуць на Пуціна.
Расея дагэтуль не дала змястоўнага адказу на прапанову аб 30-дзённым замірэнні. Кіеў разлічвае на ціск ЗША, каб прымусіць Маскву да заканчэння вайны.
Аб гэтым паведамляе Telegram-канал прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага.
Са слоў прэзідэнта Зяленскага, сёння ён праслухаў падрабязны даклад украінскай дэлегацыі аб сустрэчы з амерыканскімі прадстаўнікамі ў Савудаўскай Арабіі. Ён адзначыў, што Кіеў настроены на хуткі рух да міру і гатовы сумленна выконваць сваю працу ў гэтым пытанні. Таксама прывітаў аднаўленне паставак амерыканскай дапамогі і абмену выведвальнымі звесткамі.
Зяленскі дадаў, што падчас перамоў у Савудаўскай Арабіі, украінская дэлегацыя праінфармавала амерыканскі бок аб прынцыповых пазіцыях Кіева. Штаты ж, у сваю чаргу, гатовыя арганізаваць тэхнічныя аспекты кантролю над выкананнем рэжыму цішыні на фронце.
Таксама падчас перамоў была абмеркаваная патрэбнасць у гарантыях бяспекі і далейшыя супольныя крокі з еўрапейскімі партнёрамі.
«На жаль, ужо больш за дзень свет не чуе змястоўнага адказу з Расеі наконт прапаноў, якія прагучалі. І гэта зноў пацвярджае, што менавіта Расея імкнецца працягваць вайну і будзе спрабаваць максімальна адцягнуць наступленне міру. Спадзяемся, што ціску Злучаных Штатаў дастаткова, каб прымусіць Расею да заканчэння вайны», - адзначыў Зяленскі.