Арменія і Азербайджан узгаднілі тэкст мірнага пагаднення
- 13.03.2025, 18:36
- 3,056

Ерэван прыняў прапановы Баку.
Міністэрствы замежных спраў Арменіі і Азербайджана ў чацвер, 13 сакавіка, абвясцілі аб заканчэнні працы над тэкстам мірнага пагаднення. Паводле заявы кіраўніка азербайджанскага МЗС Джэйхуна Байрамава, Ерэван прыняў прапановы Баку наконт двух апошніх раней няўзгодненых пунктаў дакумента, паведамляе «Радыё Свабода».
Паводле слоў міністра, наступным крокам павінна стаць канстытуцыйная рэформа ў Арменіі, бо ў дзейнай рэдакцыі Асноўнага закона краіны змяшчаюцца тэрытарыяльныя прэтэнзіі да Азербайджана. У Ерэване пацвердзілі гатоўнасць да кансультацый аб месцы і тэрмінах падпісання пагаднення.
Абмеркаванне ўмоў мірнай дамовы паміж Арменіяй і Азербайджанам пачалося ў 2020 годзе пасля таго, як Баку вярнуў кантроль над большай часткай тэрыторый Карабаху падчас ваеннай аперацыі.
У лютым 2025 года прэм'ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян паведамляў, што бакі ўзгаднілі 15 з 17 пунктаў дакумента. Астатнія рознагалоссі тычыліся адмовы ад узаемных пазоваў у міжнародных судах, а таксама пытання аб размяшчэнні замежных войск уздоўж мяжы.