Польшча накіруе «прэвентыўныя групы» на мяжу з Беларуссю
10- 14.03.2025, 16:57
- 2,920

За апошнія дні ціск на мяжы значна ўзрос.
Польшча пакідае войскі на мяжы з Беларуссю праз рост міграцыйнага ціску, заявіў віцэ-міністр унутраных спраў Мацей Душчык у эфіры RMF FM. З ягоных слоў, вайскоўцы будуць падтрымліваць памежнікаў некалькі месяцаў, пакуль не будуць папоўненыя новымі падраздзяленнямі.
Душчык зазначыў, што спробы незаконнага перасячэння мяжы імкліва павялічыліся, што звязанае са штучным кіраваннем міграцыяй з боку Менска. Польшча сочыць за сітуацыяй, у тым ліку за колькасцю рэйсаў з мігрантамі ў Менск, і фіксуе спробы пераадолення бар'ераў.
“Гэта паказвае, наколькі штучна кантралюецца гэты шлях міграцыі. Да прывядзення да прысягі Аляксандра Лукашэнкі ён хацеў міру, і ў той час на мяжы таксама было спакойна. Цяпер мы назіраем рост спробаў незаконнага перасячэння мяжы на некалькі сотняў адсоткаў», - сказаў намеснік міністра.
Намеснік міністра падкрэсліў, што абарона мяжы - супольная задача з ЕЗ, які падтрымлівае Варшаву. Ён таксама прапанаваў узмацніць сістэму вяртання мігрантаў і дадаў, што міграцыя, асабліва з Беларусі і Украіны, можа быць карыснай для Польшчы пры ўмове стварэння эфектыўнай сістэмы адаптацыі.
«Я спадзяюся, што жаўнеры прабудуць на мяжы яшчэ некалькі месяцаў, пакуль мы не папоўнім шэрагі памежнікаў прэвентыўнымі групамі», - прагназуе намеснік міністра.