Трамп расказаў пра размову з Пуціным
13- 14.03.2025, 17:09
- 5,976

Прэзідэнт ЗША назваў гэтыя дыскусіі «вельмі добрымі і прадуктыўнымі».
Прэзідэнт Злучаных Штатаў Амерыкі Дональд Трамп расказаў аб тэлефоннай размове з Уладзімірам Пуціным.
У сваёй сацыяльнай сетцы TruthSocial ён назваў гэтыя дыскусіі «вельмі добрымі і прадуктыўнымі», адзначыўшы, што бачыць добры шанец для спынення вайны. У той жа час Трамп напісаў, што зараз у Курскай вобласці ў поўнай расейскай аблозе знаходзяцца тысячы ўкраінскіх вайскоўцаў:
«Я настойліва прасіў прэзідэнта Пуціна пашкадаваць іхняга жыцця. Гэта была б жахлівая разня, якой не было з часоў Другой сусветнай вайны. Божа, блаславі іх усіх!».
Адзначым, Трамп не ўдакладніў, ці адбылася ў рамках гэтых перамоў таксама яго размова з кіраўніком Крамля.
Раней спікер Крамля Дзмітрый Пяскоў пракаментаваў сустрэчу Уладзіміра Пуціна са спецпасланнікам Трампа Стывам Уіткофам.
Дарэчы, ён заявіў, што Уіткоф прадставіў Расеі «дадатковую інфармацыю, і таксама праз яго Пуцін перадаў «дадатковыя сігналы» для Трампа. Ён таксама заявіў, што «асцярожны аптымізм» ЗША наконт урэгулявання вайны ва Украіне апраўданы.