14 сакавiка 2025, Пятніца, 22:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Politico: ЕЗ распрацаваў праект Белай кнігі абароны

Politico: ЕЗ распрацаваў праект Белай кнігі абароны

Маштабны праект накіраваны на стрымліванне Расеі і падтрымку Украіны.

ЕЗ плануе запусціць маштабны праект па развіцці сваёй абароннай прамысловасці, накіраваны на стрымліванне Расеі і падтрымку Украіны, пакуль ЗША «аслабляюць увагу» да кантыненту. Аб гэтым паведамляе Politico, спасылаючыся на праект так званай Белай кнігі па абароне.

«Аднаўленне еўрапейскай абароны патрабуе значных інвестыцый цягам доўгага перыяду», - гаворыцца ў праекце.

Дакумент, падрыхтаваны камісарам ЕЗ у абароне Андрусам Кубілюсам і галоўнай дыпламаткай Звязу Каяй Калас, павінен быць прадстаўлены на наступным тыдні лідарам ЕЗ. Праект яшчэ можа змяніцца да таго, як ён будзе абнародаваны.

Важнымі элементамі новай палітыкі Звязу з'яўляюцца садзейнічанне вытворчасці зброі ўнутры ЕЗ і «кампаніям-аднадумцам з трэціх краін», заахвочванне супольных закупаў узбраенняў, аблягчэнне фінансавання абаронных праектаў, засяроджванне на ключавых сферах, дзе Звяз адчувае недахоп магутнасцей, такіх як супрацьпаветраная абарона.

Рухаючай сілай новай палітыкі з'яўляецца расейская пагроза.

«Расея з'яўляецца экзістэнцыйнай пагрозай для Звязу, і ўлічваючы яе мінулы досвед уварвання ў суседнія краіны і цяперашнюю экспансіянісцкую палітыку, неабходнасць стрымлівання ад расейскай узброенай агрэсіі застанецца нават пасля падпісання справядлівага і доўгачасовага мірнага пагаднення з Украінай», - гаворыцца ў дакуменце.

Найбліжэйшым прыярытэтам стане забеспячэнне таго, каб Украіна магла працягваць адбіваць расейскія атакі.

«Без значных дадатковых вайсковых рэсурсаў, асабліва цяпер, калі ЗША аслабілі сваю падтрымку, Украіна не зможа весці перамовы пра справядлівы і працяглы мір з пазіцыі сілы», – адзначаецца ў праекце.

У 20-старонкавым дакуменце падкрэсліваецца змяненне палітыкі Штатаў у дачыненні да Украіны, Еўропы і NATO.

«Еўропа не можа ўспрымаць амерыканскія гарантыі бяспекі як належнае і павінна істотна павялічыць свой унёсак у захаванне NATO», - гаворыцца ў праекце.

Падкрэсліваецца, што NATO застаецца асновай калектыўнай абароны ў Еўропе.

Яшчэ ў дакуменце пазначана, што Еўропа стала залежнай ад амерыканскага вайсковага патэнцыялу, а гэта стварае небяспеку зараз, калі ЗША «пераглядаюць свой падыход і могуць надумаць абмежаваць выкарыстанне або нават спыніць перадачу гэтых сродкаў».

Перабудова вайскова-прамысловага комплексу ЕЗ азначае, што Звяз мусіць разгледзець магчымасць укаранення еўрапейскіх прэферэнцый у дзяржаўных закупах для стратэгічных сектараў і тэхналогій, звязаных з абаронай.

У дакуменце падкрэсліваецца неабходнасць супольных закупаў як спосабу пераадолення фрагментаванасці абароннага рынку ЕЗ і наданне краінам фінансавай магутнасці для падпісання выгадных пагадненняў. Еўракамісія магла б таксама дзейнічаць як цэнтральны закупачны орган згодна з праектам.

Агулам абазначаныя сем ключавых сфер для прыярытэтных інвестыцый: супрацьпаветраная і супрацьракетная абарона; артылерыйскія сістэмы; боепрыпасы і ракеты; беспілотнікі і сістэмы процідзеяння беспілотнікам; вайсковая мабільнасць; штучны інтэлект, «квантавая, кібернетычная і электронная вайна»; а таксама стратэгічныя сродкі, баявыя магчымасці і абарона крытычнай інфраструктуры.

Адзначаецца, што краіны ЕЗ будуць заставацца «за стырном» - традыцыйнае балючае пытанне для сталіц, занепакоеных умяшаннем Брусэля ў сферу нацыянальнага суверэнітэту.

«Дзяржавы-сябры нясуць адказнасць за свае ўзброеныя сілы - ад распрацоўкі дактрыны да размяшчэння. Радыкальна зменены стратэгічны кантэкст у спалучэнні з вострым недахопам магчымасцяў дзяржаў-чальцоў патрабуе значна большага супрацоўніцтва паміж краінамі-чальцамі ў мэтах перабудовы іх абароны», - гаворыцца ў дакуменце.

Першапачатковыя крокі мяркуюць, што краіны ЕЗ павінны будуць зрабіць наступнае: ухваліць прапанаванае паслабленне фіскальных правіл, што аблегчыць павелічэнне абаронных выдаткаў; дамовіцца аб супольным фінансаванні 35% абаронных выдаткаў; адобрыць Еўрапейскую праграму абароннай прамысловасці коштам 1,5 мільярда еўраў; і дамовіцца з NATO аб крытычна важных сферах магчымасцяў.

У дакуменце таксама выкладзены шэраг ключавых захадаў для дапамогі Украіне, у тым ліку перадачы 1,5 мільёна артылерыйскіх набояў, сістэм супрацьпаветранай абароны, працягу трэніровак ўкраінскіх вайскоўцаў, размяшчэнні заказаў ва ўкраінскай абароннай прамысловасці, больш цесным уцягванні Кіева ў схемы вайсковага фінансавання ЕЗ, а таксама пашырэнні калідораў вайсковай мабільнасці.

Занепакоеная пагрозамі прэзідэнта ЗША Дональда Трампа «скончыць» з амерыканскай абаронай кантынента, Еўропа паабяцала значна павялічыць выдаткі на абарону і нарасціць унутраны патэнцыял, які прыйшоў у заняпад з часоў халоднай вайны.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках