Экспэрт: Перамовы Уіткафа і Пуціна - гэта фіяска
13- 14.03.2025, 19:11
- 24,964

Спецпрадстаўнік прэзідэнта ЗША незадаволены сваім візітам у Расею.
Нягледзячы на дыскусіі аб замірэнні, Пуцін чарговым разам дэманструе толькі сваю гатоўнасць да працягу вайны. А візіт спецыяльнага прадстаўніка прэзідэнта ЗША на Блізкім Усходзе Стыва Уіткофа ў Маскву стаў правальным.
Такую думку ў эфіры тэлеканала FREEДOM сёння, 14 сакавіка, агучыў палітычны каментатар, вядоўца канала Хадаркоўскі Live Дзмітрый Ялоўскі.
- Уіткоф, мяркую, незадаволены сваім візітам у Расею. Тое, як ён быў абстаўлены, тое, як Ушакоў (памочнік Пуціна) казаў, што Уіткофа пусцяць у Крэмль, калі яго пусцяць у Крэмль. Вось так па-хамску: «Калі будзе, тады і паклічам, і не трэба нам тут пытанні ствараць». Я думаю, што гэта было фіяска. Хутчэй за ўсё, Уіткоф не вязе нейкіх добрых вестак Трампу. Але вось далей цікава паглядзець, што будзе адбывацца ў Вашынгтоне, - адзначыў Ялоўскі.
З яго слоў, некаторыя невялікія крокі ў кірунку ўзмацнення жорсткасці санкцый і далейшай падтрымкі Украіны ад адміністрацыі Дональда Трампа ўжо ёсць.
- Цяпер ключавы момант. Мы бачым, што Украіна паказала гатоўнасць да перамоў, да замірэння, і больш за тое, што вельмі важна, быў падпісаны супольны дакумент у Джыдзе: з аднаго боку - Украіна, з другога боку - ЗША. Аднак пасля паездкі Уіткофа ў Маскву ніякага дакумента няма. Больш за тое, Пуцін сказаў, што перадаў нейкія пажаданні і некаторыя сігналы адміністрацыі Трампа, - растлумачыў госць эфіру.
Дзмітрый Ялоўскі акцэнтаваў, што далей «мяч у руках» Вашынгтона. Бо Пуцін, мяркуючы з усяго, адмовіўся ад прапановы ўкласці замірэнне.
«Трэба разумець, што Пуцін сказаў наступнае: «не, ніякага замірэння не будзе», «нашы ўмовы застаюцца ранейшымі, мы хочам Украіну ўсю цалкам», «заканчваць агонь ці нават спыняць яго на нейкі час мы не гатовыя і не будзем». Гэты мэсэдж ён вельмі старанна і шчыльна загарнуў у тоны нейкай слоўнай эквілібрыстыкі і шалупіння. Але, я думаю, амерыканскія дыпламаты ў гэтай справе таксама не прасцячкі. Яны даволі дасведчаныя і разумеюць дакладна, які сігнал ім адправілі», - сцвярджае палітычны каментатар.
Расейцы проста спрабуюць сабатаваць пагадненне, мяркуе Ялоўскі, і дэманструюць грэблівае стаўленне да Злучаных Штатаў.
«Паглядзіце яшчэ на дэталі, на тое, як сябе паводзіць расейская дыпламатыя і адміністрацыя Пуціна ў дачыненні да амерыканцаў. Напярэдадні той жа Ушакоў сказаў: «Мы яшчэ сфармуем групу, якая будзе ад нас размаўляць з амерыканцамі». Сябры, прабачце, ужо Уіткоф у Расеі, ён ужо прыляцеў, а вы яшчэ толькі фармуеце. Потым указанне Крамля прыбраць Кіта Келага (спецпрадстаўнік прэзідэнта ЗША ў пытаннях Украіны і Расеі, - рэд.) з перамоўнага працэсу за яго нібыта занадта праўкраінскую пазіцыю. Зараз Крэмль дыктуе Трампу, каго браць, каго не браць», - адзначыў спікер.
Ён таксама нагадаў, што ў Стыва Уіткофа з Дональдам Трампам даўнія сяброўскія стасункі.
- Ён не проста найбліжэйшы паплечнік, але і сябар Трампа. Гэта чалавек, які з ім праводзіць не толькі працоўны час, але і асабісты. Яны разам гуляюць у гольф, абодва - з вялікага бізнэсу, абодва - уладальнікі шматлікіх квадратных тысяч кіламетраў самай дарагой нерухомасці ва ўсіх Злучаных Штатах Амерыкі, - сказаў Ялоўскі.
Тое, як няветліва з Уіткофам абышліся ў Маскве, мяркуе ён, шмат аб чым кажа. У Крамлі аддалі прыярытэт Лукашэнку, які даслоўна днюе і начуе ў Маскве.
- Пуцін паціскаў Лукашэнку руку, вадзіў усюды. У іх быў супольны выступ, іншыя нейкія мерапрыемствы. У той час як Уіткоф проста дзесьці на перыферыі ўвагі і медыяпрасторы знаходзіўся, даслоўна парогі абіваў і чакаў, калі яго паклічуць, - акцэнтаваў Ялоўскі.