УСУ ўтрымалі тактычна выгадную мяжу абароны ў Курскай вобласці
5- 15.03.2025, 12:10
- 5,214

Ва Украіне аспрэчылі расейскія фэйкі пра «акружэнне».
Украінскія вайскоўцы прадаўжаюць выконваць пастаўленыя задачы на Курскім кірунку. Сілы абароны Украіны ўтрымліваюць тактычна выгадную мяжу абароны.
Пры гэтым пра акружэнне ўкраінскіх войскаў у Курскай вобласці размова не ідзе. Пра гэта ў Facebook паведаміў журналіст Юры Бутусаў.
Паводле ягоных словаў, ніводнае падраздзяленне не адрэзанае на тэрыторыі Курскай вобласці. Бутусаў падкрэсліў, што ўкраінскія абаронцы ўтрымліваюць тактычна выгадную мяжу абароны.

Журналіст заявіў, што ўтрыманне пад кантролем пэўных пазіцый выконвае ключавую ролю ў абароне памежнай паласы. Акрамя таго, ён аспрэчыў заявы пра пагрозу маштабнага наступу расейскіх войскаў.
«Пагроза маштабнага наступу на Сумы і Сумскую вобласць значнымі сіламі цяпер адсутнічае. Напады малых групаў магчымыя, але на кароткую адлегласць, без магчымасці далёка прасоўвацца», – заявіў Бутусаў.