«Голас Амерыкі» прыпыніў сваю працу
20- 16.03.2025, 10:11
- 3,266

Журналісты атрымалі паведамленне аб адміністрацыйным адпачынку на нявызначаны тэрмін.
Экс-супрацоўнік міжнароднага транслятара «Голас Амерыкі» Астап Ярыш пацвердзіў, што 15 сакавіка журналісты гэтага медыя атрымалі паведамленне аб адміністрацыйным адпачынку на нявызначаны тэрмін.
Аб гэтым журналіст напісаў у сацсетцы Facebook.
З ягоных слоў, гэта азначае, што на гэты час «Голас Амерыкі» прыпыніў сваю працу.
«Практычна ўсе, каго я ведаю з «Голаса Амерыкі», з розных аддзелаў і моўных службаў, сёння атрымалі емейлы аб тым, што іх адпраўляюць у вымушаны адпачынак на нявызначаны тэрмін. Гэта азначае, што на гэты час «Голас Амерыкі», які вяшчае на 49 мовах па ўсім свеце, прыпыніў сваю працу. Калі і ў якім выглядзе яна адновіцца (і ці адновіцца), пакуль незразумела»,- напісаў Ярыш.
Пакуль афіцыйных заяў аб спыненні дзейнасці міжнароднага вяшчальніка «Голас Амерыкі» не было.
Што папярэднічала?
У лютым паведамлялася, што амерыканскі мільярдэр і спецыяльны дзяржслужбовец адміністрацыі прэзідэнта ЗША Ілан Маск хоча закрыцця дзяржаўных СМІ ЗША «Радыё Свабода» і «Голасу Амерыкі».
Нагадаем, раніцай суботы, 15 сакавіка, штатныя супрацоўнікі «Голасу Амерыкі» ў ЗША атрымалі электронны ліст ад аддзела кадраў з паведамленнем аб тым, што яны адпраўленыя ў аплатны адміністрацыйны адпачынак.
Раней паведамлялася, што лідар ЗША Дональд Трамп падпісаў указ, які прадугледжвае скарачэнне 7 федэральных агенцтваў. Гэта адбываецца ў рамках «скарачэння федэральнай бюракратыі».