Лукашэнка занерваваўся праз бульбяны перапалох
42- 16.03.2025, 13:28
- 22,432

Куды і чаму знікла беларуская бульба?
За год бульба ў Беларусі падаражэла амаль на 32%, нават нягледзячы на тое, што кошты рэгулююцца. А інфляцыя, на думку ўладаў, складае ўсяго 5,2%.
Простыя беларусы скардзяцца, што ў крамах знізілася і колькасць бульбы, а яе якасць вымушае жадаць лепшага.
Чаму даражэе беларуская бульба? Адкуль узяўся дэфіцыт? На гэтыя і іншыя пытанні «Еўрарадыё» адказваюць эксперты.
«Ураджаю хоць і дастаткова, але па лічбах ён упрытык»
Павышэнне коштаў бульбы - гэта вынік умяшання ў цэнаўтварэнне, мяркуе палітык і блогер Аляксандр Кныровіч.
- Як мы памятаем, у загадным парадку забаранілі рост коштаў. І тое, што на паперы выглядала гладка, вылілася ў напружанне на ўнутраным рынку.
Я нагадаю, калі Беларусь была бульбяным краем у пачатку 70-х, мы вырошчвалі крыху больш за 13 мільёнаў тон бульбы, тры гады таму — амаль чатыры мільёны, а летась усяго крыху больш за тры мільёны.
Кныровіч адзначае, што з заяў уладаў, кошты бульбы ў Беларусі не могуць расці больш, чым на 3% за год.
- Натуральна, гэта ніяк не спалучалася з рэальнасцю, бо кошты натуральна ўсяго растуць: насення, паліва, угнаенняў і самае галоўнае - расце беларускі заробак. Гэта ўсё закладваецца ў сабекошт.
Фермеры, якія вырошчваюць больш за 75% усёй бульбы ў Беларусі, моцна скарацілі пасяўныя плошчы. У выніку - ураджаю хоць і дастаткова, каб забяспечваць беларусаў, але па лічбах - упрытык.
Менавіта таму тая бульбачка, якая выкладваецца на прылаўках у крамах, мае «некандыцыйны выгляд», кажа Кныровіч.
- Дзеянні дзяржавы па рэгуляванні цэнаўтварэння павінны прыводзіць да дэфіцыту. Ці наўрад гэта прывядзе да вострай нястачы бульбы ў крамах, усё ж Беларусь спажывае меней аднаго мільёна тоны (пры ўраджаі тры тоны), таму тэхнічна павінна быць дастаткова, але якасць можа быць не вельмі добрай.
Відавочна, што ў краінах з рынкавым фармаваннем коштаў такіх катаклізмаў не назіраецца.
«Вытворчасць бульбы ў Беларусі зусім нявыгадная»
Старэйшая навуковая супрацоўніца аналітычнага цэнтра BEROC Анастасія Лузгіна мяркуе, што прычынай значнага росту коштаў бульбы адбыўся дысбаланс попыту і прапановы.
- Прапанова на бульбу летась вельмі моцна знізілася праз невялікі ўраджай. А невялікім ён быў праз рэгуляванне коштаў. Бульбу ў Беларусі вырошчваюць як дзяржаўныя гаспадаркі, так і фермерскія.
І лагічна, фермеры глядзяць на карысць. З улікам жорсткага рэгулявання коштаў, вытворчасць бульбы ў Беларусі зусім нявыгадная, ну і атрымліваецца, вытворцы адрэагавалі і паменшылі сваю вытворчасць.
Паводле слоў Анастасіі Лузгіной, павышэнне коштаў бульбы і яе дэфіцыт таксама звязаныя з попытам з боку Расеі, бо ў Беларусі яна каштуе нашмат танней.
Ці будуць кошты зніжацца?
Экспертка ўпэўненая, што кошт бульбы знізіцца да лета, бо кошты маюць сезонны характар.
- Але калі браць гадавыя звесткі, напрыклад жнівень да жніўня, то тут ужо залежыць ад выгады для вытворцаў. Бо калі яны зноў будуць не зацікаўленыя ў гэтым, то трэба будзе зноў завозіць імпартную бульбу.
Бульбяны перапалох
28 лютага Лукашэнка падчас нарады па новай сістэме рэгулявання коштаў жорстка прайшоўся па чыноўніках і асобную ўвагу надаў высокім коштам бульбы.
- Стварылі сістэму так, што імпарт больш выгадна завозіць у гандаль, чым прадаваць сваё. Не так? Гэта ж бязладдзе! Якое гэтае рэгуляванне, гэта карупцыя. Якому імпарцёру, які з Егіпта ці Расеі, Казахстана завозіць тавар, вы хацелі падыграць? Давядзіце мне, што ён вам не заплаціў, на лапу не паклаў. Я, вядома, не збіраюся вас папракаць у тым, што вам давалі хабар за гэта, але, прабачце, гэта падазрэнне, - казаў палітык.
Нагадаем, Лукашэнка даручыў ураду распрацаваць «справядлівую» палітыку коштаўтварэння, на яго думку, яна выглядае так:
- Калі селянін нешта вырабляе, чаму мы яму павінны ўказваць, дзе і якім коштам ён павінен прадаваць прадукцыю. Няхай прадае. Але ён павінен памятаць, што гэта ён зрабіў, а людзі, якія з ім побач, яны гэта набываюць. І яны павінны мець магчымасць купіць гэтую прадукцыю, - сказаў Лукашэнка.