The Times: Украінцы не спадзяюцца на замірэнне і гатовыя ваяваць
10- 16.03.2025, 11:26
- 6,730

Ніхто не верыць Пуціну.
Украінцы рыхтуюцца змагацца далей, нягледзячы на заявы палітыкаў наконт магчымага замірэння. Калі б урад Уладзіміра Зяленскага адмовіўся ад суверэнітэту дзеля забеспячэння міру, адчуванне здрады ва Украіне было б глыбокім, піша The Times.
Украінец Павел у трэніровачным лагеры пад Кіевам з 3-й асобнай дэсантна-штурмавой брыгадай падзяліўся, што не спадзяецца на хуткае заканчэнне вайны.
«Мы ваюем з Расеяй сотні гадоў», - сказаў ён і засмяяўся. З яго барады і рук сыпаўся бруд. Ён называе расейцаў вар'ятамі і мяркуе, што канфлікт пачаўся не ў 2022 годзе, а ў 2014-м, калі Расея захапіла Крым і частку Усходняй Украіны.
«Мне 24 гады, але я адчуваю сябе нашмат, намнога старэйшым», - сказаў ён. «Я рыхтаваўся да гэтай вайны з 12 гадоў». Ён спадзяецца быць на фронце да канца году.
Разам з групай Павел заплаціў амаль 14 тысяч грыўняў за чатырохдзённы трэніровачны лагер. Усе добраахвотнікі імкнуліся быць гатовымі да перадавой.
«Колькі з вас трымалі такую зброю?» - спытаў інструктар, калі група чысціла аўтаматы Калашнікава. Кожная рука паднялася: «Помніце, гэта не тая зброя. Вы - зброя».
Расея выстаўляе патрабаванні, на якія большасць украінцаў не пагодзяцца: дэмілітарызацыя, спыненне вайсковай дапамогі Захаду і гарантыі, што Украіна не ўступіць у NATO.
«Украінцы гатовыя супрацьстаяць беларускай мадэлі расейскага кантролю над урадам у Кіеве ўсякім коштам», - сказала прафесар Оксфардскага ўніверсітэта Яніна Дзіл. «Украінцы не жадаюць прыняць стратэгію, якая падвышае імавернасць расейскага палітычнага кантролю, нават калі гэта ратуе жыцці або памяншае рызыку ядзернай вайны».
У той жа час яны гатовыя несці выдаткі, звязаныя з супраціўленнем расейскай агрэсіі.
У лагеры добраахвотнікі спрабавалі атакаваць фальшывую расейскую пазіцыю. Выбухі і дымавая заслона на імгненне ператварылі лес у зону баявых дзеянняў. «Студэнт» стаяў ззаду, уважліва назіраючы.
Ён двойчы абвяшчаўся клінічна мёртвым пасля ранення, але выжыў. «Студэнт» кажа:
“Я магу сказаць вам толькі адно. Гэтая вайна не спыніцца хутка».
Аляксей, шахцёр з Цернаўкі, жыў менш чым за 50 км ад расейскіх пазіцый. «Гэта нашая рэальнасць. Калі вы жывяце ва Украіне, вы павінны быць гатовыя ваяваць, як у Ізраілі ЦАХАЛ. Я гатовы змагацца», - кажа ён.
Добраахвотнікі не вераць, што Злучаныя Штаты і Расея могуць навязаць мір Украіне. Яны перажылі тэрор расейскай акупацыі на ўсходзе, зрэшты, выкраданні і катаванні.
«Хто верыць Пуціну? Адказ на гэтае пытанне відавочны», - сказаў адзін з добраахвотнікаў.
Тарас Чмут, старшыня дабрачыннай арганізацыі «Вярніся жывым», сказаў: «Мы не саступім у гэтай вайне праз геніяльнасць ворага. Мы саступім, толькі калі будзем слабымі».
У пятніцу ўвечары на Хрышчаціку сабралася моладзь з правых груповак. Моладзь, якая раней выглядала як хуліганы, зараз выглядае гераічнай.
«Яны - наша будучыня», - сказала медсястра Надзя, чый муж у 2023 годзе патрапіў у палон. «Мы не жадаем міру. Мы хочам быць свабоднымі».
Раман, 18-гадовы студэнт, уважае спыненне агню «немагчымым»: «Наступіць дзень, калі мне давядзецца ўзяць вінтоўку і абараняць сваю радзіму».