Адстаём ад суседзяў: чым пагражае Беларусі нізкая прадукцыйнасць працы беларусам
33- 16.03.2025, 15:19
- 9,478

У краіне ствараецца замкнёнае кола беднасці.
Беларусь заняла 67-е месца ў свеце па прадукцыйнасці працы, паводле абноўленых звестак Міжнароднай арганізацыі працы (МАП) за 2024 год, паведамляе «Еўрарадыё».
Сярэдні беларускі работнік вырабляе 31,5 міжнародных даляраў за гадзіну — гэта ніжэй за ўсіх нашых суседзяў, акрамя Украіны. У Польшчы гэты паказчык складае 48,8 даляра, у Літве - 54,7 даляра, а ў Расеі - 44,3 даляра.
Сярод краін былога СССР вынікі для Беларусі таксама несуцяшальныя: нас апярэджвае Казахстан (39 даляраў) і нават Туркменістан (31,6 даляраў).
Лідарамі ў прадукцыйнасці працы ў свеце сталі Люксембург (166 даляраў за гадзіну), Ірландыя (139 даляраў) і Нарвегія (123 даляры). Беларусь адстае ад іх больш як у пяць разоў.
Чаму нізкая прадукцыйнасць - гэта праблема і як яна ўплывае на беларусаў?
Такая сітуацыя нясе рызыкі для эканомікі і грамадзян Беларусі. Яна разганяе інфляцыю, прыводзіць да адтоку працаўнікоў у суседнія краіны.
Нізкая прадукцыйнасць працы падвышае сабекошт тавараў, а гэта адбіваецца на коштах. У дадатак да гэтага, улады паднімаюць заробкі адміністрацыйнымі метадамі, дадаткова разганяючы інфляцыю.
Дэфіцыт кадраў моцна ўплывае на працэсы: каб утрымаць супрацоўнікаў, працадаўца паднімае ім заробкі, але прадукцыйнасць працы пры гэтым расце павольней.
Праз неабгрунтаваны рост заробкаў ствараецца вялікі інфляцыйны навес. І за гэтую інфляцыю плацяць, у тым ліку сеткі крамаў. Некаторыя не вытрымліваюць яе і проста разараюцца.
Больш высокая прадукцыйнасць працы ў Польшчы і Літве дазваляе тамтэйшым працадаўцам плаціць больш, а гэта стымулюе адток працоўных кадраў з Беларусі.
Нізкая прадукцыйнасць працы ў нашай краіне робіць яе менш прывабнай для інвестыцый, запавольваючы рост эканомікі і даходаў насельніцтва. Зрэшты, інвестары не спяшаюцца ў Беларусь хутчэй з палітычнай прычыны і таму, што Аляксандр Лукашэнка зрабіў з краіны суагрэсарку ў вайне, развязанай Расеяй супраць Украіны.
Нізкая прадукцыйнасць працы ўплывае на прывабнасць беларускай прадукцыі за мяжой, праз яе высокі кошт і нізкую якасць. Скарачаецца экспарт, а значыць, зніжаецца прыток замежнай валюты ў эканоміку Беларусі.
Такім чынам, нізкая прадукцыйнасць працы стварае замкнёнае кола беднасці: нізкія даходы - значыць менш інвестыцый, а гэта цягне за сабой тэхналагічнае адставанне і яшчэ больш павольны рост заробкаў.
Беларусі неабходныя маштабныя рэформы, пра якія гавораць эканамісты ўжо больш за 10 гадоў. Без іх разрыў з суседзямі будзе толькі павялічвацца, а ўзровень жыцця простых беларусаў падаць.