17 сакавiка 2025, панядзелак, 2:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Бацькам забітага ў Менску злачынцы пагражаюць смяротным пакараннем

17
Бацькам забітага ў Менску злачынцы пагражаюць смяротным пакараннем

У СК раскрылі падрабязнасці гучнай справы.

У Следчым камітэце раскрылі падрабязнасці справы 33-гадовага Аляксандра Ліпскага, смяротна параненага міліцыянтамі падчас затрымання. Бацькоў мужчыны западозрылі ў падрыхтоўцы да забойства сілавікоў паводле матыву помсты.

33-гадовы Аляксандр Ліпскі, паводле следства, у лістападзе 2021 года застрэліў жанчыну ў кватэры на праспекце Ракасоўскага ў Менскай Серабранцы. Мужчына ўцёк, разам з ім знікла ягоная 63-гадовая маці Раіса.

Як паведаміў дзяржаўны тэлеканал АНТ са спасылкай на Следчы камітэт, знайсці іх дапамог бацька імавернага забойцы Уладзімір. Той працаваў у Расеі і зрэдку прыязджаў у Беларусь. За мужчынам сачылі, і летась у жніўні аператыўнікі заўважылі, як ён сустрэў на аўтобусным прыпынку жанчыну, разам яны доўга ездзілі з перасадкамі, потым купілі ежу і паехалі ў кватэру.

Там пару затрымалі, а падчас ператрусу знайшлі на лоджыі люк, дзе, як высветлілася, хаваўся Ліпскі. У выніку перастрэлкі ён атрымаў раненні і памёр у шпіталі.

У тэлесюжэце заявілі, што мужчына "не проста хаваўся ад правасуддзя, а рыхтаваў тэракт". У гаражы, які арандавала маці, сілавікі, як сцвярджаецца, знайшлі цэлы арсенал, у тым ліку выбуховыя рэчывы.

Акрамя таго, быў знойдзены спіс людзей, якіх нібыта планаваў забіць Ліпскі. Так ён хацеў адпомсціць за даўні канфлікт з суседзямі. У пераліку былі "супрацоўнікі праваахоўных органаў і сведкі". Бацькі Ліпскага дапамагалі сыну ў гэтых планах, заявіў намеснік кіраўніка Менскай управы СК Дзяніс Дышчанка:

“Бацькі Ліпскага прызнаныя падазраванымі ва ўчыненні дзеянняў у дачыненні да агнястрэльнай зброі і боепрыпасаў, таксама яны прызнаныя падазраванымі ў падрыхтоўцы да забойства паводле матыву помсты”.

За гэта Раісе і Уладзіміру Ліпскаму пагражае смяротнае пакаранне, заявіў аўтар сюжэту, не ўдакладніўшы, што ў Беларусі дзяржава расстрэльвае паводле судовых пастаноў толькі мужчын маладзейшых за 65 гадоў.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках