Наталля Радзіна: За вашу і нашу свабоду!
5- 16.03.2025, 19:09
- 2,764

Галоўная рэдактарка сайта Charter97.org выказала салідарнасць з журналістамі радыё "Свабода" і "Голас Амерыкі".
ЗША спыняюць фінансаванне радыё "Свабода" (RLE/RL) і "Голаса Амерыкі". Гэта адбылося пасля таго, як прэзідэнт Дональд Трамп выдаў указ аб скарачэнні сямі федэральных агенцтваў.
Галоўная рэдактарка сайта Charter97.org Наталля Радзіна выказалася ў падтрымку калег:
— У сувязі з закрыццём радыё “Свабода” я сёння думаю найперш пра двух ягоных супрацоўнікаў з Беларускай рэдакцыі — Ігара Карнея і Ігара Лосіку, якія знаходзяцца ў турмах у Беларусі. Уяўляю, як начальнікі і ахоўнікі калоній, у якіх яны сядзяць, са злараднасцю ім паведамляюць, што іх радыёстанцыя, за працу на якую яны патрапілі ў зняволенне, зачынена ўказам прэзідэнта ЗША. І разумею, якія шок і роспач яны адчуваюць.
Калі я сама сядзела ў турме КДБ, для мяне самым страшным быў не арышт і не выстаўленне абвінавачання паводле 293 артыкуле КК (да 15 гадоў пазбаўлення волі). Самым страшным было, што пасля майго арышту і разгрому рэдакцыі ў Менску сайт “Хартыя’97” перастаў працаваць. І якое ж шчасце я зведала, калі следчы КДБ, відаць, жадаючы стварыць даверную атмасферу, прагаварыўся, сказаўшы: “Без вас, Наталля Валянцінаўна, сайт не такі, як раней”. Так я даведалася, што частка калег змагла выехаць і сайт прадоўжыў працу. Гэта стала для мяне такой палёгкай!
Сёння ж я хачу выказаць салідарнасць з усімі калегамі радыё «Свабода» і «Голаса Амерыкі», якім зараз вельмі і вельмі цяжка. Мы ўсе, незалежныя журналісты, доўгія гады сваёй няўдзячнай працы праходзім праз розныя выпрабаванні: турмы, змушаную эміграцыю, сталы дэфіцыт фінансавання. Цяпер асабліва цяжкі час. Але, я ўпэўнена, што і гэта пройдзе. Важна заўсёды памятаць, што мы робім вельмі патрэбную справу. І падтрымка гэтай справе будзе, пакуль жыве імкненне людзей да свабоды. А гэтае імкненне будзе заўсёды.
За вашу і нашу Свабоду!