Маёмасць вядомага забудоўніка патрапіла на аўкцыён
- 17.03.2025, 17:10
- 2,660

За пазыкі прадаюць 70 машына-месцаў.
На пляцоўцы «БелЮрЗабеспячэнне» (там прадаецца арыштаваная маёмасць) выставілі больш за 70 машына-месцаў, якія належаць вядомаму забудоўніку. Парковачныя месцы прадаюцца за пазыкі кампаніі «СІ-Трэйдынг», паведамляе Realt.
Гэты забудоўнік ужо некалькі гадоў не можа здаць жылы комплекс «Гастэла Рэзідэнс» у цэнтры Менска, а таксама бізнэс-цэнтр у Копішчы.
Знаходзяцца машына-месцы на новай абгароджанай плоскаснай аўтастаянцы на вуліцы Мікалая Міхайлашава, 1А (гэта - Менскі раён, Копішча). Побач - Новая Баравая, жылы комплекс «Уруцкі» і іншыя шматпавярховікі. Насупраць размяшчаецца няскончаная будоўля бізнэс-цэнтра K-one. Тут павінен з'явіцца шматузроўневы паркінг з апартаментамі і ўбудаванымі грамадскімі памяшканнямі. Яго будоўляй таксама займаецца «СІ-Трэйдынг».
Усяго на продаж выстаўлена больш за 70 машын-месцаў. Плошча кожнага налічвае 12-13 квадратных метраў. Пачатковы кошт аднаго месца на паркоўцы складае 2100-2300 рублёў (670-730 даляраў). Адзначым, што на рынку кошт аналагічных парковачных месцаў пачынаецца ад 5000-7000 рублёў (1500-2200 даляраў).
Аўкцыён прызначаны на 3 красавіка.