Прэм'ер Літвы патлумачыў, чаму ЗША не адмовяцца ад «ядзернага парасона» над Еўропай
4- 17.03.2025, 17:29
- 2,494

«Вашынгтон не захоча рызыкаваць».
Злучаныя Штаты не адмовяцца ад «ядзернага парасона» над Еўропай праз рызыку распаўсюджвання гэтай зброі, мяркуе прэм'ер-міністр Літвы Гінтаўтас Палуцкас. Яго словы прыводзіць вяшчальнік LRT.
Прэм'ер Літвы заявіў, што дзейны «ядзерны парасон» ЗША ў Еўропе застанецца, бо Вашынгтон не захоча рызыкаваць распаўсюджваннем гэтай зброі.
«Калі мы вядзём такую шчырую дыскусію, ЗША ніколі не адмовяцца ад гэтага «ядзернага парасона», бо адмова ад яго будзе садзейнічаць распрацоўцы і распаўсюджванню ядзернай зброі ў Еўропе і іншых краінах», — падкрэсліў Палуцкас.
Ён успомніў момант узнікнення «ядзернага парасона» NATO.
«Успомнім, што шмат гадоў таму і Швэцыя, і Нямеччына валодалі так званым парогавым патэнцыялам, калі яны маглі хутка стварыць ядзерную бомбу ў выпадку неабходнасці. Тады ЗША сказалі: паколькі яны вялікая дзяржава, каб нідзе не было гэтых ядзерных бомбаў, мы дамо гарантыі, мы вас усіх прыкрыем», - растлумачыў палітык.
Яго каментарыі прагучалі на фоне заяў Францыі аб гатоўнасці выкарыстаць свае сілы ядзернага стрымлівання для абароны Еўропы. Прэм'ер мяркуе, што дэбаты аб ініцыятыве Парыжа не павінны зменшыць «давер да гэтага парасона, які ў нас ёсць».
«Сёння Еўропа, і я яшчэ раз падкрэсліваю гэта, абароненая «ядзерным парасонам» NATO. «Ядзерны парасон» NATO грунтуецца на ядзерным арсенале ЗША і Вялікай Брытаніі. Гэта мадэль, якая працуе», - падкрэсліў Палуцкас.