17 сакавiка 2025, панядзелак, 20:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ЗША прададуць супер'яхту Amadea расейскага мільярдэра Керымава

2
ЗША прададуць супер'яхту Amadea расейскага мільярдэра Керымава

Судна ацэненае на 300 мільёнаў даляраў.

Пракуроры ЗША атрымалі права выставіць на аўкцыён супер'яхту Amadea, якая належыць расейскаму мільярдэру Сулейману Керымаву, які знаходзіцца пад санкцыямі. Пра гэта паведамляе The Financial Times.

Улады канфіскавалі 106-метровае судна з верталётнай пляцоўкай у траўні 2022 года на Фіджы праз парушэнне амерыканскіх законаў аб супрацьдзеянні адмыванню грошай.

Кошт Amadea ацэньваецца на $300 мільёнаў. Судна абсталяванае фешэнэбельнымі выгодамі, уключаючы басэйн, трэнажорную залу, спа-салон, канферэнц-залу, вінны склеп і акварыум для лобстэраў. Цэнтральным элементам інтэр'еру з'яўляецца раяль Pleyel, уручную распісаны і з інкруставанымі элементамі з 24-каратнага золата.

Хоць пракуроры сцвярджаюць, што яхта належала Керымаву, сам мільярдэр адпрэчвае гэтыя абвінавачанні. Міністэрства юстыцыі ЗША атрымала сведчанні персаналу судна і запісы суднавога часопіса, якія пацвярджаюць, што Керымаў быў першым пасажырам Amadea і праводзіў час на борце разам з дочкамі. Акрамя таго, ён быў датычны да змен у інтэр'еры і ўладкаванні судна.

Былы гендырэктар кампаніі «Раснафта» Эдуард Худайнатаў спрабаваў заявіць сябе ўладальнікам яхты, але суд пастанавіў, што ён не больш чым падстаўная асоба. Так што продажы яхты дадзены ход.

Канфіскацыя і будучы продаж Amadea – важнае дасягненне групы KleptoCapture, створанай Міністэрствам юстыцыі ЗША ў 2022 годзе для пошуку актываў, звязаных з асяроддзем кіраўніка Расеі Уладзіміра Пуціна.

Гэты крок таксама дазволіць с кончыць шматгадовае фінансаванне абслугоўвання судна, якое абыходзілася амерыканскім падаткааплатнікам $7 мільёнаў на год.

Згодна з амерыканскім заканадаўствам, канфіскаваныя актывы могуць быць перададзеныя для дапамогі Украіне.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках