17 сакавiка 2025, панядзелак, 23:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кошт расейскай нафты можа ўпасці ніжэй за $50 за бараль

2
Кошт расейскай нафты можа ўпасці ніжэй за $50 за бараль

АПЕК+ павялічвае здабычу.

Павелічэнне нафтаздабычы краінамі АПЕК+ і запаволенне сусветнай эканомікі ў выніку развязанай Дональдам Трампам гандлёвай вайны прымушаюць асноўных аналітыкаў зніжаць прагнозы сусветных коштаў нафты. Калі іх ацэнкі пацвердзяцца, расейская нафта можа ўпасці ніжэй за $50 за бараль.

Самыя песімістычныя прагнозы сярод найбуйнейшых інвестбанкаў даюць Citigroup і JPMorgan Chase: яны чакаюць зніжэння кошту Brent да $ 60–65 за бараль цягам гэтага года, адзначае Bloomberg. Citigroup адрозніваецца найболей мядзведжым настроем, мяркуючы, што сярэдні кошт складзе $60 у II і III кварталах і апусціцца да $55 за бараль у IV. Ацэнка JPMorgan не дазваляе спадзявацца на аднаўленне каціровак у больш доўгатэрміновай перспектыве: банк чакае сярэдні кошт у 2026 г. на ўзроўні $61 і магчымае падзенне да $50 за бараль у выніку змякчэння санкцый ЗША ў дачыненні да расейскай і іранскай нафты.

На паніжальную тэндэнцыю арыентуюцца і тыя, хто непасрэдна займаецца маштабнымі нафтавымі аперацыямі, – нафтатрэйдары. Трамп вёў перадвыбарную кампанію пад лозунгам «буры, дзетка, буры», і меркавалася, што падтрымка ім нафтавай галіны прынясе ёй істотную карысць. Але зніжэнне коштаў нявыгадна здабыўным кампаніям, а змякчэннем рэгулявання Трамп не займаецца – ён занадта заняты гандлёвымі войнамі. «Нафтавая прамысловасць свідруе занадта шмат, – заявіў на мінулым тыдні на энэргетычнай канферэнцыі ў Х'юстане Торб'ёрн Торнквіст, старшыня рады дырэктараў аднаго з найбуйнейшых нафтатрэйдараў Gunvor. – І ўнутры, і за межамі АПЕК бураць больш, чым апраўдваў бы рост попыту».

Краіны АПЕК+ у пачатку сакавіка дамовіліся пра паступовае павелічэнне з красавіка паставак нафты на сусветны рынак, якія яны тройчы адкладалі з мінулага верасня. Адначасова аналітыкі сталі прагназаваць запаволенне росту сусветнай эканомікі ў выніку хаатычнай палітыкі Трампа ва ўвядзенні шматлікіх мытаў супраць гандлёвых партнёраў, на што тыя адказваюць уласнымі абмежаваннямі. Дадатковым негатыўным чыннікам становіцца нявызначанасць, якая ўжо пачала падрываць спажывецкую і прадпрымальніцкую ўпэўненасць.

У выніку Goldman Sachs, які даўжэй за іншыя асноўныя інвестбанкі захоўваў даволі высокія прагнозы датычна нафты, у панядзелак знізіў ацэнку з $70–85 да $65–80 за бараль. «Мы чакаем, што Brent застанецца вышэй за $70 у найбліжэйшыя месяцы», але «больш не лічым $70 узроўнем падтрымкі», гаворыцца ў аналітычнай справаздачы банка.

Morgan Stanley і Bank of America чакаюць, што кошт у другім паўгоддзі будзе вагацца ў раёне $65–70 за бараль.

Brent пасля пастановы АПЕК+ апусцілася ніжэй за $70 і з тых часоў гандлюецца вакол гэтай адзнакі. Да 20.00 мск у панядзелак яна каштавала блізу $71 за бараль.

Між тым дысконт расейскай нафты Urals у апошнія два месяцы, пасля ўвядзення адміністрацыяй Джо Байдэна развітальных санкцый супраць расейскага нафтавага флоту і сектара, складае блізу $15–16 за бараль. І падзенне яе кошту становіцца сур'ёзнай праблемай для бюджэту, у які Міністэрства фінансаў закладвала кошт $69,7 за бараль. Калі ў пачатку года бараль Urals прадавалі за $70 і даражэй, то ў пачатку лютага – ужо за $62, а ў сакавіку каціроўкі ўпалі да мінімальных за 14 месяцаў $54 за бараль.

У выпадку падзення Brent да $60 і пры захаванні дысконту расейская нафта можа каштаваць блізу $45 за бараль. Дадатковым ударам для бюджэту становіцца ўмацаванне нацыянальнай валюты, у выніку якога ўрад атрымлівае менш рублёў за прададзеныя баралі. Калі ў пачатку года даляр каштаваў больш за 102 руб., то ў панядзелак – ужо менш за 84 руб.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках