Кіраўнік Федэрацыі футбола Беларусі пайшоў супраць былога ахоўніка Лукашэнкі
6- 18.03.2025, 9:54
- 5,722

Якой будзе развязка канфлікту?
Былы старшыня Віцебскага аблвыканкама, а цяпер кіраўнік Федэрацыі футбола Мікалай Шарстнёў прадэманстраваў нечаканую і адчайную для вертыкальшчыка смеласць, піша “Салiдарнасць”.
Адной сказам нагадаем пра даўні канфлікт паміж міністрам спорту Сяргеем Кавальчуком і Мікалаем Шарстнёвым: першы лезе не ў сваю справу, умешваючыся ў футбольную сферу, якой кіруе Федэрацыя, якая жыве не на бюджэтныя грошы, а на еўрапейскія сродкі ад УЕФА.
Цяпер канфлікт выйшаў на новы ўзровень. 14 сакавіка на канфрэнцыі Асацыяцыі “Беларуская федэрацыя футбола” Шарстнёў зрабіў некалькі заяў, якія цягнулі на статус сенсацыйных: цяжка згадаць, калі апошні раз нехта з прадстаўнікоў рэжыму так жорстка крытыкаваў калег.
Шарстнёў публічна і наўпрост заявіў, што “змяншаецца колькасць футбалістаў і школ", а “клубны рэйтынг (рэйтынг беларускіх каманд у Еўропе - заўв.) упаў, з прычыны шматлікіх і абсурдных забарон”.
Сярод іх - забарона на зборы за мяжой (праводзіліся камандамі зімой у цёплых краінах для падвышэння канкурэнтаздольнасці) і ліміт, з-за якога найлепшыя беларускія футбалісты раз'ехаліся па іншых краінах.
Больш за тое, на канферэнцыі адбылася пікіроўка паміж Шарстнёвым і намеснікам міністра спорту Аляксандрам Дараховічам.
- Скажу вам так, малады намеснік міністра. Не трэба мяне вучыць, у мяне больш досведу кіраўніцкай працы. Калі вы слухаеце даклад і не чуеце мяне, то падаеце ў вачах гэтай залы.
- Паважаны Мікалай Мікалаевіч, я не малады намеснік міністра, а дзяржаўная асоба.
- Як вы можаце задаваць пытанне аб размеркаванні грошай, калі вы летась не ўзгаднілі каштарыс федэрацыі? Мы не змаглі выканаць абавязацельствы з традыцыйнымі партнёрамі. Гэта не федэрацыі вы напаскудзілі. Гэтыя грошы недаатрымалі рэгіёны, дзіцячы футбол, - абурыўся кіраўнік Федэрацыі футбола.
Яшчэ з выказванняў Шарстнёва: “Штогод прыдумляюцца розныя бюракратычныя працэдуры, але толькі не меры, накіраваныя на развіццё футбола”.
Асабліва ўражваюць словы кіраўніка на фоне таго, што раней Аляксандр Лукашэнка не раз публічна намякаў, што ён на баку свайго былога ахоўніка Сяргея Кавальчука. У лістападзе мінулага года кіраўнік адзначыў: “І няхай Шарстнёў не плачацца, што няправільна разгледзелі пытанне заробкаў. Мікалай, а за што плаціць?”.
А літаральна за 11 дзён да канферэнцыі ў Федэрацыі футбола, дзе Шарстнёў публічна раскрытыкаваў Мінспорту, Лукашэнка перапрызначыў Кавальчука на пасаду міністра спорту (той на ёй ужо 7 гадоў - абсалютны рэкорд для гэтай пасады). А таксама заявіў:
- Вам трэба гэтую цяганіну з Шарстнёвым спыніць. Калі Шарстнёў не здольны працаваць на гэтай пасадзе, значыць, будзем шукаць іншага чалавека.
На гэтым фоне сваім выступам 14 сакавіка кіраўнік прадэманстраваў нечаканую і адчайную для вертыкальшчыка смеласць.
У чым адрозненне падыходаў Лукашэнкі і яго былога ахоўніка з аднаго боку, і Шарстнёва з другога?
Першыя думаюць не пра развіццё футбола, а пра тое, як адпомсціць спартоўцам, якія ў 2020-м масава асудзілі гвалт у краіне (“Ну як можна прабачыць публічных людзей? Усе публічныя людзі - ахова здароўя, адукацыя, СМІ, культура, спорт… Усе публічныя”).
Перапрызначэнне на пасаду міністра Кавальчука, пры якім беларускі спорт перажыў дэградацыю і чысткі паводле палітычных матываў, сведчыць аб тым, што прыярытэты ўлады не змяніліся.
Шарстнёў жа, вядома, ніякі не апазіцыянер, а дзіця сістэмы. Але нават ён узняў паўстанне, бо не можа прыняць таго, што на яго вачах страчвае беларускі футбол.
Паўгода таму экс-галкіпер каманды Беларусі Генадзь Туміловіч адзначаў:
- З таго, што мне вядома, ён (Шарстнёў - заўв.) камунікуе з футбольнымі людзьмі, якія з нейкай прычыне не ўваходзяць у сістэму. Узяць таго ж Васю Хамутоўскага (асудзіў гвалт у 2020-м – заўв.). Як так атрымалася, што чалавек не працуе?
Якой будзе развязка канфлікту паміж кіраўніком Федэрацыі футбола і міністрам спорту? Шанцы на адстаўку Шарстнёва растуць, бо пакуль ні што не ўказвае на тое, што Лукашэнка адмовіцца ад падтрымкі свайго былога ахоўніка.
Дыктатар ужо даўнавата дзейнічае паводле прынцыпе “пасля мяне хоць патоп”, не будучы ў сілах даць рады сваёй помслівасці.