Амаль 50% амерыканцаў уважаюць дапамогу ЗША Украіне за недастатковую
- 18.03.2025, 21:01
- 2,028

Апытанне.
Амаль палова амерыканцаў уважаюць дапамогу ЗША Украіне за недастатковую, а дзве траціны падтрымалі б павелічэнне ваеннай падтрымкі ў выпадку парушэння Расеяй чаканага перамір'я.
Паводле звестак апытання Gallup, апублікаванага ў аўторак, 18 сакавіка, гэта самы высокі ўзровень падтрымкі за ўвесь час поўнамаштабнай вайны.
46% амерыканцаў уважаюць, што Вашынгтон робіць недастаткова для Украіны – гэта на 16% больш, чым у снежні. У той самы час колькасць тых, хто ўважае дапамогу за празмерную (30%) або дастатковую (23%), зменшылася. Сярод дэмакратаў такой думкі прытрымліваюцца 79%, сярод незалежных – 46%, сярод рэспубліканцаў – 12%.
Эксперты звязваюць гэтыя змены з палітыкай прэзідэнта ЗША Дональда Трампа ў дачыненні да вайны. Апытанне праводзілася 3–11 сакавіка – пасля няўдалых перамоваў лідараў ЗША і Украіны ў Белым доме і абвяшчэння Вашынгтонам паўзы ў ваеннай дапамозе.
Раней рэкордным паказнікам незадаволенасці узроўнем падтрымкі Украіны было 38% (жнівень 2022). Цяпер 53% амерыканцаў мяркуюць, што ЗША павінны падтрымліваць Украіну да поўнага аднаўлення яе тэрыторый, нават калі гэта запатрабуе часу (82% дэмакратаў, 54% незалежных, 22% рэспубліканцаў).
Датычна магчымага перамір'я, 79% апытаных баяцца, што Расея яго парушыць, а 70% мяркуюць, што пагадненне можа быць выгадным Маскве. У выпадку парушэння Расеяй умоваў 64% падтрымалі б павелічэнне ваеннай дапамогі Украіне, 42% – авіяўдары па расейскіх ваенных аб'ектах, 30% – адпраўку амерыканскіх войскаў.
Рост падтрымкі Украіны сярод амерыканцаў можа паўплываць на палітыку адміністрацыі Трампа, асабліва калі Расея парушыць патэнцыйнае перамір'е, мяркуюць аналітыкі.