Адзін з «партманэтаў» Лукашэнкі заняўся вельмі нетыповым бізнэсам
11- 19.03.2025, 14:01
- 7,850

Зайцаў вязе ў Беларусь Z-спевакоў.
У Пружанах у канцы чэрвеня на стадыёне "Мухавец" пройдзе open-air "Солнцестоянние". Гэта другі такі фестываль, першы прайшоў у гэтым жа горадзе. Сярод анансаваных хэдлайнераў гэтага года значацца музыкі, якія падтрымалі вайну ва Украіне: Юлія Чычэрына, Святлана Сурганава, гурты "Аліса", "Арыя", "Чайф". Як высветліла “Бюро”, да гэтага фестывалю датычны адзін з “парманэтаў” Лукашэнкі – бізнэсовец Аляксандр Зайцаў.
У жніўні 2024-га Аляксандр Зайцаў стварыў у Менску кампанію “Солнцестоянние” для правядзення відовішчных культурна-масавых мерапрыемстваў, паведамляе «Бюро» са спасылкай на звесткі Адзінага дзяржаўнага рэгістра юрыдычных асоб і ІП (дакументы: 1 і 2). А ў кастрычніку мінулага гады кампанія змяніла сталічны юрыдычны адрас на пружанскі.
У верасні 2024-га Аляксандр Зайцаў зарэгістраваў на сябе асабіста аднайменны таварны знак - ён цалкам супадае з афіцыйным лагатыпам фестывалю.
Фестываль "Солнцестоянние" стартаваў у Беларусі мінулым летам. На маштабным канцэрце для беларусаў тады выступілі расейскія легенды року: Вадзім Самойлаў (“Агата Крысці”), Сяргей Бабунец (“Сэнсавыя галюцынацыі”), гурты “Браты Грым”, “Маральны кодэкс”, “Парк Горкага”, “Кіпелаў”, “The Чыж&Co” ды іншыя. Некаторыя з іх таксама падтрымалі расейскую агрэсію ва Украіне.
На старонцы “Солнцестоянния” ў Instagram ёсць дзясяткі абураных каментароў. Карыстальнікі абураюцца наконт кошту білетаў. Так, у 2024 годзе наведвальнікі выкладалі ад 23 да 285 беларускіх рублёў. А ў 2025-м білеты каштуюць ужо ад 190 да 650 рублёў у залежнасці ад зоны.