Многія беларусы могуць зноў стаць маладымі
6- 19.03.2025, 14:50
- 5,552

Уся рэч у класіфікацыі.
Узроставыя межы маладосці ў Беларусі могуць быць пашыраны да 35 гадоў - гэта пытанне знаходзіцца на этапе абмеркавання, паведаміла расейскія СМІ намеснік міністра адукацыі Кацярына Пятруцкая.
«Гэтае пытанне знаходзіцца ў распрацоўцы, скажам так. Трыццаць адзін год для моладзі - на мой погляд, ужо дастаткова. (Але) працуем над гэтым пытаннем, абмяркоўваем, існуюць розныя пункты гледжання. Перыядычна гэтае пытанне ўздымаецца», - сказала яна, адказваючы на адпаведнае пытанне Sputnik у кулуарах патрыятычнага форуму моладзі Саюзнай дзяржавы, які адкрыўся ў Менску 19 сакавіка.
Паводле звестак Белстата на 1 студзеня 2024 года, колькасць маладых людзей у краіне складала 1 628 339 чалавек - амаль 18% насельніцтва краіны.
Згодна з класіфікацыяй узростаў САЗ, маладымі лічацца людзі да 44 гадоў. Тыя, каму 45-59 гадоў, належаць да сярэдняга ўзросту, 60-74 гады - да пажылога, 75-90 - да старасці. Перыяд даўгалецця настае для тых, хто пражыў больш за 90 гадоў.