На аўкцыён выставілі найбуйнейшы ў Маладзечне гандлёвы цэнтр
3- 19.03.2025, 16:59
- 2,548

За гатовы дзейны бізнэс просяць значную суму.
Гандлёвы цэнтр «Спадарожнік» на адной з цэнтральных вуліц Маладзечна выставілі на продаж. Як вынікае са звестак аўкцыённай пляцоўкі, за будынак, які амаль цалкам запоўнены арандатарамі, просяць звыш $8 млн, піша OL.
«Спадарожнік» знаходзіцца на вуліцы Вялікі Гасцінец. Тут вельмі нядрэнны трафік транспарту і людзей. Таму гандлёвы цэнтр плошчай блізу 9 тысяч кв. м запоўнены арандатарамі на 98%. Таргі прызначаныя на 17 красавіка.
Сярод якарных арандатараў ГЦ: «Еўраопт», «5 элемент», «Кары гіпер», «Пінскдрэў», «Калінка», «Эліз» і іншыя кампаніі і сеткі. Паведамляецца, што большасць дамоваў арэнды - доўгатэрміновыя. То бок, гэта гатовы дзейны бізнэс з добрым рамонтам.
Гандлёвы цэнтр з'явіўся на месцы аднайменнага радыёзавода, які некалі з'яўляўся гігантам савецкай абароннай прамысловасці. Затым яго далучылі да ААТ «Электрамодуль», а ў яго 50% акцый выкупіла ЗАТ «Полігандалькансалт», якое цяпер і з'яўляецца ўласнікам ГЦ.
Паводле звестак realt.by, гэтая кампанія спецыялізуецца на здачы ў арэнду і продажы памяшканняў як у Маладзечне, так і ў іншых гарадах - Берасці, Наваполацку, Салігорску, Воршы.