The Guardian: Вялікая Брытанія адказала Пуціну
4- 19.03.2025, 17:38
- 22,492

Лондан будзе падтрымліваць Украіну, нягледзячы на патрабаванні Крамля.
Вялікая Брытанія не спыніць пастаўкі ўзбраення Украіне і навучанне ўкраінскіх вайскоўцаў, нягледзячы на патрабаванні Крамля аб скасаванні замежнай вайсковай дапамогі Кіеву для дасягнення міру.
Аб гэтым піша The Guardian, спасылаючыся на суразмоўцаў у брытанскай абароннай сферы.
У Брытаніі падкрэслілі, што пазіцыя краіны не змянілася, і плынь вайсковай дапамогі коштам 4,5 млрд фунтаў стэрлінгаў сёлета (больш за 5 млрд даляраў) - «не спыніцца толькі таму, што гэтага патрабуе Крэмль».
19 сакавіка міністр замежных спраў Вялікай Брытаніі Дэвід Лэмі паведаміў, што яго краіна і Еўрапейскі Звяз вядуць перамовы аб паскарэнні паставак зброі ва Украіну на фоне размоваў аб патэнцыйным часовым спыненні агню.
Лэмі паведаміў, што абмеркаваў з кіраўніцай дыпламатыі ЕЗ Каяй Калас магчымасць адправіць ва Украіну дадатковыя вайсковыя пастаўкі да таго, як будзе дасягнутае шырокае часовае спыненне агню.
18 сакавіка пасля размовы прэзідэнта ЗША Дональда Трампа з расейскім дыктатарам Уладзімірам Пуціным у Крамлі заявілі аб патрабаванні спыніць вайсковую дапамогу і абмен выведзвесткамі з Украінай.
Пазней Трамп заявіў, што Пуцін не выстаўляў патрабаванняў аб спыненні дапамогі Украіне.