У Краснаярскім краі РФ пачалася маштабная паводка
3- 19.03.2025, 18:41
- 3,568

Дзясяткі затопленых дамоў.
У Краснаярскім краі Расеі на фоне нечаканага пацяплення рэкі выйшлі з берагоў. Падтопленыя сотні дамоў. Больш за ўсіх пацярпеў горад Мінусінск з насельніцтвам блізу 70 тысяч жыхароў. Там мясцовая адміністрацыя вядзе эвакуацыю жыхароў пацярпелых кварталаў у пункты часовага размяшчэння, рух транспарту па мастах і па вуліцах, закранутых бедствам, спынены, паведамляе «Радыё Свабода».
Паводка выкліканая значным павышэннем тэмпературы са звычайнай для гэтага рэгіёну зімовай да +10 - +15 градусаў Цэльсія і раставаннем снегу. На рацэ Мінусінцы размыты земляны насып. На месца вылецела аэрамабільная групоўка МНС Расеі ў колькасці 50 супрацоўнікаў і васьмі адзінак тэхнікі.
Пакутуюць не толькі жылыя дамы. Аб дапамозе папрасіў прытулак для бадзяжных жывёл «Новае жыццё», паведаміўшы, што «сабакі па калена ў вадзе». Аб пацярпелых людзях пакуль няма інфармацыі.
На прагнозы метэаролагаў, паводка можа працягвацца. Яе наступная хваля чакаецца ў трэцяй дэкадзе красавіка, пасля ўскрыцця ад лёду Енісея і Ангары.