Мянчук паказаў схаваны адрэзак метро, пра які не ўсе ведаюць
3- 19.03.2025, 20:43
- 7,976

Відэа.
У Менску ёсць месца, дзе тунэлі метро «выходзяць на паверхню». Мянчук паказаў яго ў сацсетках, і многія здзівіліся, даведаўшыся пра ягонае існаванне, піша CityDog.
Блогер mister_slivster расказаў у TikTok, што ў менскага метро ёсць «наземны адрэзак», які ўтоены пад пластом зямлі. Гэтае месца знаходзіцца паміж станцыямі «Трактарны завод» і «Пралетарская» ў раёне вуліцы Клумава і Антонаўскага парку.
Паводле словаў менчука, гэты адрэзак звязаны са Сляпянскай воднай сістэмай, якую будаўнікам «трэба было перасячы пры пракладцы тунэляў». Праўда, замест таго каб пракладаць метро пад вадой, яны пастанавілі ўзвесці тунэлі зверху і засыпаць іх грунтам.
Таксама mister_slivster падзяліўся, што, калі стаяць проста на гэтым тунэлі, «можна адчуць вібрацыю і пачуць, як пад зямлёй праходзяць цягнікі». На гэтым тунэлі ёсць і спецыяльныя лесвіцы, па якіх можна падняцца і прайсціся.
Мяркуючы з каментароў, не ўсе менчукі ведалі, што пад невялікай горкай хаваецца метро.
«Я там вырас. Раней, наколькі ведаю, нехта туды нават спускаўся. Можа, гэта і байкі, вядома, але ўсё ж», – Пятровіч.
«Зрабілі так таму, што лінія будзе займаць месца і будзе бар'ерам праз кантактную рэйку і правады», – Adeptus.
«А я і не ведаў», – Алег.
«І атрымліваецца, што цягнікі едуць пад дамамі? Колькі разоў там гуляў, ні разу не адчуваў “дрыготку зямлі”», – Віктар.
«Ого, упершыню чую пра гэта», – Ліза.
«Мы там бадзяліся, пакуль краты не заварылі», – slavik_papa_don.
«Можна было не засыпаць, а зрабіць як у Ташкенце: метро выязджае на вуліцу і назад у тунэль», – Сяргей.