Кошт электрычнасці ў Еўропе ўпаў ніжэй за нуль
18- 19.03.2025, 21:00
- 10,124

Сонечная генерацыя перавысіла попыт.
Яснае сонечнае надвор'е спрыяла росту вытворчасці сонечнай энэргіі ў некаторых частках Еўропы. Гэта прывяло да таго, што кошты электраэнэргіі цягам доўгіх перыядаў блізу поўдня ўпалі ніжэй за нуль, піша Bloomberg.
У сераду, 19 сакавіка, кошты электраэнэргіі ў Нямеччыне, Францыі, Нідэрландах і Польшчы былі адмоўнымі цягам чатырох гадзінаў – з 11-й да 15-й.
Пік сонечнай генерацыі 19 сакавіка ў Нямеччыне, паводле звестак агенцтва, дасягнуў амаль 44 гігаваты, што блізка да самага высокага ўзроўню сёлета. У Францыі сонечная генерацыя напярэдадні вырасла да 16,6 гігавата, сведчаць звесткі сеткавага аператара RTE.
Раней Bloomberg пісаў, што кошты электраэнэргіі ў Нямеччыне падалі ніжэй за нуль у першы гандлёвы дзень 2025 года. Уначы 2 студзеня вытворчасць ветравой энэргіі дасягнула 40 гігаватаў, што значна перавысіла попыт.
Адмоўныя кошты электраэнэргіі выраслі ў сакавіку сёлета ў параўнанні з тым самым перыядам летась, паколькі ў сетку паступае больш сонечнай энэргіі, якая перавышае попыт.
Сеткавая інфраструктура Еўропы не здольная паглынуць дадатковую сонечную энэргію. Гэта, піша агенцтва, можа прывесці да павелічэння колькасці перыядаў адмоўных коштаў у перыяды пікавай выпрацоўкі сонечнай энэргіі ў чэрвені і ліпені, а таксама ў наступным годзе.
У апошнія гады ў Еўропе назіраецца ўсплёск сонечнай генерацыі праз рост коштаў прыроднага газу і зніжэння выдаткаў на сонечныя панэлі. Нямеччына мае намер дадаць рэкордныя 17 гігаватаў сонечнай энэргіі сёлета і надалей павялічваць магутнасці штогод прынамсі да 2030 года.