Трамп прапанаваў Зяленскаму перадаць АЭС ва ўласнасць ЗША
19- 19.03.2025, 21:01
- 9,446

Вашынгтон мяркуе, што такі крок мог бы стаць «найлепшай абаронай» энэргетычнай інфраструктуры Украіны.
Амерыканскі прэзідэнт Дональд Трамп падчас тэлефоннай размовы з украінскім прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім у сераду, 19 сакавіка, прапанаваў перадаць украінскія АЭС ва ўласнасць ЗША. Пра гэта паведаміла прэс-сакратарка Белага дому Кэралайн Левіт.
Як заявіла Левіт, прэзідэнт ЗША абмеркаваў з Зяленскім украінскае электразабеспячэнне і атамныя электрастанцыі.
«Ён сказаў, што ЗША маглі быць вельмі карыснымі ў забеспячэнні працы гэтых станцый. Калі б ЗША валодалі гэтымі станцыямі, гэта было б найлепшай абаронай гэтай інфраструктуры і падтрымкай украінскай энэргетычнай інфраструктуры», – заявіла прэс-сакратарка Белага дому.
Зяленскі і Трамп правялі тэлефонную размову 19 сакавіка. Раней Дональд Трамп у сацсетцы The Truth Social паведаміў, што размова з Уладзімірам Зяленскім была «вельмі добрай».
Паводле словаў прэзідэнта ЗША, значная частка размовы грунтавалася на перамовах з расейскім дыктатарам Уладзімірам Пуціным, якія адбыліся паміж ім і Трампам 18 сакавіка, «з мэтай узгаднення запытаў і патрэбаў Расеі і Украіны».
Агенцтва Bloomberg са спасылкай на суразмоўцу, знаёмага з дэталямі перамоваў, напісала, што Зяленскі падчас тэлефоннай размовы з Трампам пагадзіўся з прапановай спыніць напады па расейскай энэргетыцы.