Зяленскі назваў сустрэчу са Стармерам «важнай і цёплай»
- 2.03.2025, 10:51
- 3,338

Прэзідэнт Украіны расказаў аб дасягнутых дамоўленасцях.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі сустрэўся з прэм'ер-міністрам Вялікай Брытаніі Кірам Стармерам.
Бакі абмеркавалі сітуацыю ва Украіне і Еўропе і падпісалі пагадненне аб пазыцы для Украіны на суму £2,26 млрд. Пра гэта 1 сакавіка ў Telegram паведаміў кіраўнік Украінскай дзяржавы.
Зяленскі назваў сустрэчу «важнай і цёплай», падчас якой абмеркавалі выклікі, якія стаяць перад Украінай і Еўропай, каардынацыю з партнёрамі, канкрэтныя крокі па ўзмацненні пазіцый Украіны і заканчэнні вайны справядлівым мірам, а таксама гарантыі бяспекі.
«Прынцыповыя словы падтрымкі ад прэм'ер-міністра і важная пастанова: сёння ў нашай прысутнасці была падпісаная крэдытная дамова паміж Украінай і Вялікай Брытаніяй. Пазыка на ўзмацненне нашай абараназдольнасці, якая будзе выплачаная з даходаў, атрыманых ад замарожаных расейскіх актываў. Грошы пойдуць на вытворчасць зброі ва Украіне. Менавіта так справядліва: плаціць павінен той, хто пачаў вайну», - напісаў прэзідэнт Украіны.
З нагоды ён падзякаваў народу і ўраду Вялікабрытаніі за падтрымку з самага пачатку вайны, развязанай Расіяй.
«Шчаслівыя, што маем такіх стратэгічных партнёраў і аднолькавае бачанне таго, якой павінна быць упэўненасць у будучыні для ўсіх», – падсумаваў Зяленскі.