На развод у Беларусі часцей за ўсё падаюць жонкі
62- 2.03.2025, 12:50
- 7,168

У адным з раёнаў раскрылі цікавую статыстыку.
Паводле статыстыкіы больш за палову шлюбаў у нашай краіне заканчваецца разводамі. Аднак нярэдка, перш чым афіцыйна заявіць жанчыне і мужчыне, што яны ўжо не сям'я, у судзе іх спрабуюць памірыць. У Драгічынскім раёне палічылі, колькі пар у 2024-м так удалося выратаваць. Інфармацыя пра гэта з'явілася на партале Драгічын.BY.
Паводле звестак выдання, у 2024 годзе ў суд Драгічынскага раёна паступіла 88 заяў аб скасаванні шлюбу. Прыкладна ў 70 пар былі непаўналетнія дзеці.
- Пры разглядзе заявы судом ужываюцца захады, накіраваныя на захаванне сям'і, - адзначае Наталля Кавалеўская, вядучая спецыялістка суда Драгічынскага раёна. - Пасяджэнне можа быць адкладзенае, падаўшы мужу і жонцы дадатковы тэрмін для прымірэння ў інтэрвале шасці месяцаў.
Выданне піша, што ў 2024-м такая практыка дапамагла захаваць 15 сем'яў, то бок 17 адсоткаў. У іх муж і жонка, якія жадалі да гэтага стаць былымі, памірыліся. Пры тым агулам у краіне, паводле звестак Вярхоўнага суда, 99,6% заяў аб разводзе, якія разглядаюцца ў судзе, задавальняюцца.
- Па статыстыцы ініцыятарамі скасавання шлюбу часцей выступаюць жонкі, - распавядае Наталля Кавалеўская. - Найбольшая колькасць асоб, паміж якімі скасаваныя шлюбы, былі ва ўзросце ад 30 да 40 гадоў. Асноўная маса шлюбаў скасоўваецца ў перыяд ад пяці да дзясяці гадоў з моманту іх заключэння.
Спецыялістка адзначыла, што ў 2024-м ахвочых развесціся ў раёне было на 12,8% менш, чым за год да гэтага. На яе думку, такія лічбы паказваюць пра больш свядомае стаўленне моладзі да сямейнага жыцця.
Нагадаем, раней у Вярхоўным судзе распавялі, што цягам апошніх трох гадоў беларускія суды штогод разглядаюць больш за 30 тысяч спраў аб скасаванні шлюбу. Сярод прычын распаду сям'і жонкі часцей за ўсё называюць:
непераадольныя адрозненні ў поглядах на далейшае жыццё, адсутнасць агульных інтарэсаў, несумяшчальнасць характараў (54%);
раздзельнае пражыванне цягам доўгага часу (амаль 20%);
узаемная страта пачуцця кахання і павагі (больш за 10%);
наяўнасць шкодных звычак у аднаго з сужэнцаў: алкагалізм, наркаманія, гульняманія, а таксама сямейны гвалт (больш за 10%);
шлюбная здрада (7%).